698

У Бабруйску абралі дэлегатаў на Х з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў

01.03.2018 Крыніца: Cлужба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Агульны сход мясцовых сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прайшоў 28 лютага ў Бабруйску.

На ім прысутнічалі кіраўнікі ГА “БАЖ” – старшыня Андрэй Бастунец і яго намесніца Аліна Суравец.

Асноўнай задачай сустрэчы стала абранне дэлегатаў ад бабруйскіх бажаўцаў на красавіцкі агульны з'езд журналісцкай арганізацыі. З чым бабруйскія журналісты паспяхова справіліся: прадстаўляць іх на з’ездзе будуць Марына Маўчанава і Яўген Чапурышкін.

Былі абмеркаваны іншыя пытанні. У прыватнасці, ідэя правесці ў Бабруйску рэспубліканскі творчы конкурс сярод бажаўцаў – на лепшае фота, верш, аўтарскую песню. Таксама разгледжана заява на ўступленне ў  арганізацыю блогера, даўняга аўтара «Бобруйского курьера».

Скончыўся сход чаяваннем і зносінамі ў кулуарах.

Трэба адзначыць, што 1 сакавіка 2018 г. спаўняецца 20 гадоў як была створаная Бабруйская філія ГА “БАЖ”. З 2002 г. філіяй кіраваў, а потым, пасля зняцця філіі з уліку, – каардынаваў ў Бабруйску дзейнасць БАЖаўцаў, журналіст, пісьменнік, галоўны рэдактар ​​«Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка.

У 2017 г. лідарам бабруйскай БАЖаўскай суполкі была абраная Марына Маўчанава.