2221

У Азербайджане завялі крымінальную справу супраць незалежнага каналу «Мэйданы ТБ»

22.04.2016 Крыніца: belsat.eu

Улады Азербайджану пераследуюць адно з нямногіх незалежных медыяў краіны.

Паводле словаў юрыста Эльчына Садзігава, які прадстаўляе тэлеканал, расследаванне вядзе Пракуратура па цяжкіх злачынствах, і яно ўсё яшчэ працягваецца. Абвінавачванні ў незаконным вядзенні бізнесу, ухіленні ад выплаты падаткаў, злоўжыванні паўнамоцтвамі і іншых артыкулах могуць быць прадяўленыя 15 і больш супрацоўнікам каналу, паведамляе «Радыё Свабода».

Улады спрабуюць звязаць дзейнасць Мэйданы ТБ з жнівеньскімі падзеямі ў Мінгачавіры – чацвёртым па велічыні горадзе Азербайджану. Пасля таго, як у мясцовым паліцэйскім участку загадкава памёр 27-гадовы Бахруз Гаджыеў, затрыманы за ўжыванне і распаўсюджванне наркотыкаў, у горадзе пачаліся масавыя пратэсты, якія перараслі ў беспарадкі. Паліцыя сцвярджае, што Гаджыеў зрабіў самагубства, але сваякі затрыманага сцвярджаюць, што перад смерцю яго катавалі: на пасмяротных фотаздымках мужчыны нібыта бачныя сляды паразы электрашокерам і сінякі ад удараў дубінкамі.

У леташнім верасні журналіст і дысідэнт з Азербайджану Маўсун Гаджыеў у эфіры «Белсату» распавёў пра сітуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне.

«У Азербайджане арыштаваць чалавека могуць за каментар у Facebook, праблемы пачынаюцца за «падабайкі». Лукашэнку да гэтага трэба «расці» ды «расці», – адзначыў журналіст.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!