НЕ - ВАЙНЕ!
357

У акупаваным Мелітопалі, што на поўдні Украіны, расейцы выкралі 4 журналістаў

21.03.2022 Крыніца: "Радыё Свабода"

Расейскія вайскоўцы ў Мелітопалі затрымалі і вывезьлі ў невядомым кірунку групу прадстаўнікоў мясцовага мэдыяхолдынгу, у тым ліку кіраўніка Міхаіла Кумка.

Аб гэтым паведаміла ягоная дачка Тацяна Кумок.

Аб затрыманьні як мінімум трох супрацоўнікаў «МВ-холдынгу» гаворыцца ў паведамленьні на сайце «Мелитопольские ведомости», які ўваходзіць у гэтую мэдыягрупу. Цяпер доступу да інтэрнэт-рэсурсу няма. Іншы мелітопальскі інтэрнэт-рэсурс са спасылкай на «МВ» паведамляе, што, акрамя Міхаіла Кумка, расейцы выкралі журналістаў Юлію Альхоўскую, Любоў Чайку і выпускнога рэдактара газэты «Мелитопольские ведомости» Яўгена Борана.

Раней у Запароскай вобласьці прапала журналістка Hromadske Вікторыя Рошчына. Яна можа знаходзіцца ў палоне ў расейскіх вайскоўцаў, яе месцазнаходжаньне пакуль невядомае.

У сувязі з баявымі дзеяньнямі і акупацыяй Мелітопаля рэдакцыя ня можа афіцыйна пацьвердзіць гэтыя факты.

Пазьней Нацыянальны саюз журналістаў Украіны паведаміў аб вызваленьні трох журналістак пасьля размоў аб неабходнасьці супрацы з акупацыйнымі ўладамі горада. Пакуль невядомым застаецца лёс і месца знаходжаньне Міхаіла Кумка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!