614

У Акцябрскім затрымалі блогера Андрэя Павука АБНОЎЛЕНА

24.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Супрацоўнікі Акцябрскага РАУС Віктар Карпянок і Аляксандар Малчанаў затрымалі мясцовага блогера, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Павука.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/34864501_2076405782577701_4711219639244292096_n.jpg

“На мяне складаюць адміністрацыйны пратакол за парушэнне заканадаўства аб СМІ. Нібыта я не мог апытваць мясцовых жыхароў у звязку з нанесенымі на майку фотаздымкамі чыноўнікаў райвыканкама. Я скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам не сведчыць супраць сябе”, – сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Павук.

Паводле блогера, майка з выявамі намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Елісеева і кіраўніцы спраў Валянціны Шлапаковай, якую ён зрабіў у чэрвені, стала фармальнай падставай для затрымання і складання пратакола. Тры дні таму Павук анансаваў стрым з маючага адбыцца выязнога пасяджэння Акцябрскага райвыканкама з удзелам сталічных чыноўнікаў. Прызначана пасяджэнне акурат  на 24 ліпеня ў адной з вёсак Рудабельскага краю. На ім меўся прысутнічаць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Яўген Адаменка ды іншыя чыноўнікі.

Андрэй Павук мяркуе, што яго затрымалі дзеля таго, каб ён фізічна не змог паехаць на сустрэчу чыноўнікаў з вяскоўцамі і весці адтуль стрым.

Дарэчы, на 25 ліпеня ў судзе Акцябрскага раёна прызначана папярэдняе слуханне скаргі Павука на дзеянні райвыканкама і райсавета, якія забараняюць яму прысутнічаць на сваіх пасяджэннях.

У чэрвені Акцябрскі райаддзел міліцыі распачаў супраць блогера Павука іншую адміністрацыйную справу – па заяве намесніка старшыні райвыканкама Елісеева і кіраўніцы спраў Шлапаковай. Чыноўнікі сцвярджаюць, што блогер абразіў іх гонар і зганьбіў пачуцці сям’і, бо 9 чэрвеня “дэманстратыўна хадзіў, апрануты ў майку” з выявамі на ёй фотаздымкаў Елісеева і Шлапаковай і надпісам “Они любят тебя”.

Пасля трохгадзіннага затрымання Андрэя Павука адпусцілі з міліцыі, выдаўшы яму на рукі копію адміністрацыйнага пратакола.

На падставе ч .2 артыкула 22.9 КаАП блогера абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім МЗС. Гаворка ідзе пра сюжэт пад назвай “Блогеру пагражаюць судом за майку з надпісам «Яны любяць цябе», які 8 ліпеня змешчаны на сайце польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” і ў якім блогер Павук – галоўны герой”.

“Трэба мець буйную фантазію, каб заяўляць, што я вырабіў пра сябе відэасюжэт ды яшчэ распаўсюдзіў яго на “Белсаце”, – кажа знаны блогер з Рудабелкі.