678

У Акцябрскім суддзя Васілеўскі ўзяў самаадвод, так і не разгледзеўшы пазоў блогера Павука да мясцовых чыноўнікаў

15.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

15 жніўня суддзя Акцябрскага раёна Уладзімер Васілеўскі заявіў самаадвод у справе пазову блогера, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Павука на дзеянні дзяржаўных службоўцаў раённага выканаўчага камітэта і райсавета. Напярэдадні, калі яшчэ справа толькі разглядалася, памочнік раённага пракурора Вадзім Шыбут забыўся ў судзе ўжо надрукаваныя аркушы, падобныя на рашэнне суда. Гэтыя аркушы ўдзельнікі пасяджэння сфатаграфавалі і выклалі ў інтэрнэце. Андрэй Павук расцаніў гэта як загадзя падрыхтаванае рашэнне.

Андрэй Павук. Фота: Ларыса Шчыракова

Мясцовыя чыноўнікі не дазваляюць блогеру прысутнічаць на апаратных нарадах, якія праводзіць старшыня райвыканкама Віктар Палуянаў, а таксама на сесіях райсавета, дзе вырашаюцца важныя для развіцця раёна пытанні. Іх надзвычай палохае жаданне Павука весці онлайн-трансляцыю з нарадаў і сесіяў.

Інтарэсы райсавета па папярэднім пасяджэнні ў судзе прадстаўляў яго старшыня Алег Таргонскі, на асноўным — галоўны спецыяліст Марыя Пішчала,  райвыканкама — кіраўніца спраў  Валянціна Шлапакова  і юрыст Наталля Іванова. У адмовах на ўдзел Павука ў апаратных нарадах райвыканкама і сесіях райсавета чыноўнікі спасылаюцца на  існуючыя рэгламенты ў дзейнасці гэтых дзяржаўных структураў.

Андрэй Павук спрабаваў урэгулява канфлікт  у  дасудовым парадку і звяртаўся  пісьмова ў Гомельскі аблвыканкам і аблсавет, каб паправілі раённых чыноўнікаў. Аднак звароты не мелі станоўчых вынікаў. І абласныя чыноўнікі сцвярджалі, што адмова прысутнічаць на раённых нарадах і сесіях цалкам абгрунтаваная.

У судзе блогер пытаўся ў  прадстаўніцы райсавета, ці адкрыта праводзяцца сесіі?

“Адкрыта”, — пагаджалася Марыя Пішчала.

“Дык я магу як грамадзянін прысутнічаць на сесіі?”

“З дазволу старшыні райсавета”, — сцвярджала спецыялістка.

“Дык сесіі праходзяць у закрытым рэжыме?”, — дапытваўся Андрэй Павук.

“Вы неправільна разумееце слова “адкрыта”, — адказвала Марыя Пішчала. — Адкрыта — гэта не азначае адчыніць дзверы і сказаць: “Любы жадаючы, я вас запрашаю”. Адкрыта — гэта азначае, што ўсе пытанні, якія разглядаюцца на сесіі, размяшчаюцца ў раённай газеце “Чырвоны Кастрычнік”.

Прадстаўніца райсавета далікатна абышла маўчаннем, што, паводле артыкула 31 закона аб мясцовым самакіраванні, грамадзяне “маюць права свабоднага доступу на пасяджэнні тэрытарыяльнага органа грамадскага самакіравання, удзелу ў яго працы з правам дарадчага голасу”.

Інтарэсы Андрэя Павука ў судзе прадстаўляў па даверанасці юрыст ГА “БАЖ” Леанід Судаленка. У  выступе ён зазначыў, што сваімі мясцовымі рашэннямі (у дадзеным выпадку – рэгламентамі)  выканкам і райсавет абмежавалі канстытуцыйнае  права грамадзян  на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, у тым ліку і пра дзейнасць дзяржаўных органаў. Беларускае заканадаўства абавязвае  саветы і выканкамы дзейнічаць адкрыта і галосна. Павуку як жыхару Акцябрскага  неабыякава, у якім раёне ён жыве і што тут адбываецца. У пацвярджэнне Судаленка прывёў нядаўняе выказванне галоўнага ідэолага Беларусі, намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Уладзіміра Жаўняка: “Чалавек хоча не атрымліваць устаноўкі, а ўплываць на прыняцце рашэнняў”. Выглядае, што ў высокіх кабінетах  абвяшчаюць  адно, а на месцах паступаюць па-іншаму.

“Дзе нас ашукваюць — у Адміністрацыі прэзідэнта ці тут, у райвыканкаме?”,  — задаваўся пытаннем прадстаўнік пазоўніка.

Суддзя Уладзімір Васілеўскі, які разглядаў справу, пацікавіўся ў Судаленкі, ці прысутнічаюць на сесіях дэпутатаў звычайныя грамадзяне ў замежных краінах?  Выклікана пытанне тым, што ў пазове Андрэя Павука  была спасылка  і на падпісаны Беларуссю Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Судаленка прывёў прыклады з практыкі дзейнасці мэрый у ЗША, Швецыі, Германіі, дзе на пасяджэнне мясцовага органа ўлады можа прыйсці і рабіць здымкі любы жыхар, калі толькі ён дзеяздольны як грамадзянін.

Сёння а 14-й гадзіне суддзя Васілеўскі агучыў азначэнне пра самаадвод у звязку з тым, што Андрэй Павук лічыць, што рашэнне прынятае загадзя, не чакаючы тлумачэнняў і спрэчак на справе.