454

У адносінах да брэсцкага фрылансера Яўгена Скрабца заведзена новая справа

16.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

15 сакавіка сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” быў выкліканы позвай у апорны пункт міліцыі Ленінскага РАУС горада Брэста.

Як распавёў Яўген Скрабец, участковы інспектар міліцыі Уладзімір Клышко склаў на яго адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Падставаа для гэтага — сюжэт на сайце “Радыё Рацыя”, прысвечаны выставе ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, дзе прэзентавалі адзін з сімвалаў горада — сярэднявечную фігуру шахматнага караля.

Разгляд гэтай адмінстрацыйнай справы пройдзе 29 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста. 

Нагадаем, што сёлета да суда дайшла іншая справа ў адносінах да Яўгена Скрабца, аднак яна была спынена, бо скончыўся тэрмін адміністрацыйнага спагнання.

У мінулым годзе Яўген Скрабец быў тройчы аштрафаваны за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі і агулам пакараны на 65 базавых велічынь (1 592,5 рублі).