209

У Адэсе засудзілі беларуса, які зрабіў станцыю праслухоўваньня тэлефонаў

05.07.2019 Крыніца: Алена Літвінава, "Радыё Свабода"

Прозьвішча і матывы дзеяньняў асуджанага за злачынства ў галіне камунікацыі ўраджэнца Беларусі не называюцца. Асуджаны прызнаў віну і атрымаў мінімальнае пакараньне.

Прыморскі раённы суд Адэсы пакараў ураджэнца Гомля штрафам на суму 17 тысяч грыўняў (650 даляраў ЗША) за незаконнае набыцьцё, продаж і выкарыстаньне спэцыяльных тэхнічных сродкаў для атрыманьня інфармацыі.

Яшчэ 11,6 тысячы грыўняў (450$) беларус мае сплаціць Украінскаму навукова-дасьледчаму інстытуту спэцыяльнай тэхнікі і судова-мэдыцынскай экспэртызы Службы бясьпекі Ўкраіны за працу экспэртаў.

Дзякуючы прызнаньню сваёй віны выхадцу зь Беларусі ўдалося пазьбегнуць чатырох гадоў пазбаўленьня волі — такое пакараньне за незаконнае праслухоўваньне прадугледжвае ўкраінскае заканадаўства.

Кампанія зь Вялікай Арнауцкай

У судовых рашэньнях, апублікаваных у Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў у гэтай справе, не называецца прозьвішча і назва юрыдычнай асобы, у памяшканьні якой быў праведзены ператрус і канфіскаваная тэхніка. Вядома, што праслухоўваньне было арганізаванае ў Адэсе па месцы працы выхадца зь Беларусі — на Вялікай Арнауцкай вуліцы, 55.

Гэта гістарычны жылы будынак, узьведзены ў ХІХ стагодзьдзі. У ім месьціцца крама мэблі, рамонтная майстэрня, оптыка, мастацкая галерэя і адукацыйны цэнтар. У гэтым жа будынку разьмяшчаецца і офіс партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» Віктара Медзьведчука.

Апроч таго, у ліпені 2018 году па гэтым жа адрасе ў Адэсе было зарэгістраванае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Іс девелопмент». Згодна са статутам, кампанія здае ў арэнду офісныя машыны і абсталяваньне (у тым ліку кампутары), робіць паслугі ў кампутарным праграмаваньні, інфарматызацыі, у апрацоўцы дадзеных ды іншых відах дзейнасьці ў галіне інфармацыйных тэхналёгій і кампутарных сыстэм.

Падчас сьледзтва зьмянілі кваліфікацыю

Крымінальная справа была заведзеная 6 сьнежня 2018 году на падставе заявы ўкраінскага мабільнага апэратара «Київстар», які паскардзіўся ў СБУ на «незаконную крыніцу выпраменьваньня з прыкметамі актыўнага комплекснага маніторынгу сотавых сетак, што перашкаджае нармальнай працы тэлекамунікацыйнага абсталяваньня».

Сьледчыя вызначылі адрас, па якім знаходзілася крыніца выпраменьваньня, і правялі там ператрус з канфіскацыяй вялікай колькасьці тэхнікі, у тым ліку дзьвюх базавых станцый, кошт якіх складае некалькі тысяч даляраў — іх звычайна выкарыстоўваюць афіцыйныя апэратары мабільнай сувязі.

Пасьля першых сьледчых дзеяньняў крымінальная справа была адкрытая супраць «групы нявызначаных асобаў», якія з папярэдняй змовы несанкцыянавана зьбіралі інфармацыю, выкарыстоўваючы схаваныя відэа- і аўдыёсродкі.

Сама справа была ўключаная ў катэгорыю справаў аб злачынствах супраць аўтарытэту органаў дзяржаўнай улады, грамадзкіх абʼяднаньняў і аб злачынствах супраць журналістаў. Гаворка ішла пра незаконнае праслухоўваньне прадстаўнікоў улады, грамадзкіх актывістаў і журналістаў (такія дзеяньні паводле ўкраінскага заканадаўства караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 4 да 7 гадоў).

Абвінавачаны быў толькі беларус

Калі справа дайшла ў суд, сьледчыя вызначылі толькі аднаго абвінавачанага (ураджэнца Беларусі) і зьмянілі кваліфікацыю злачынства — ішлося ўжо пра аднаасобную, а не групавую арганізацыю праслухоўваньня.

Суд зацьвердзіў пагадненьне аб прызнаньні віны «ўраджэнцам Гомля» і тое, што на гэтую ўгоду беларус пайшоў «добраахвотна, не пад прымусам і пагрозамі». У выніку замест магчымага пазбаўленьня волі зь яго спагналі штраф і кампэнсацыю выдаткаў за правядзеньне экспэртыз канфіскаванай тэхнікі.

Пра матывы маўчаць

Адвакат Аляксандар Верціпорах, які абараняў інтарэсы асуджанага ў судовым працэсе, адмовіўся паведаміць Свабодзе падрабязнасьці гэтай справы. Ён таксама ўхіліўся ад адказу на пытаньні, якое грамадзянства — беларускае ці ўкраінскае — мае ягоны падабаронны і як ён матываваў свае дзеяньні. «Я ня памятаю. Гэта было даўно. Апроч таго, я ня маю права выдаваць пэрсанальную інфармацыю», — сказаў адвакат, параіўшы зьвярнуцца па камэнтар у прэсавую службу Службы бясьпекі Ўкраіны.

У выраку суду адзначаецца, што ў часе разгляду справы абвінавачаны пацьвердзіў абставіны справы, апісаныя ў абвінаваўчым заключэньні сьледчых, і патлумачыў матывы сваіх дзеяньняў. Але сутнасьць абставінаў і матываў у судовым рашэньні адсутнічае.

У СБУ гэтую справу ніяк не камэнтуюць.