762

У абласной бібліятэцы Магілёва патлумачылі, чаму адмовіліся ад бясплатнага пяцітомніка Святланы Алексіевіч

04.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілона Сарокіна даслала адказ на зварот сябраў мясцовай суполкі ГА “БАЖ”. Журналісты прасілі патлумачыць, на якой падставе бібліятэка адмовілася ад падарунка — пяцітомніка «Галасы Утопіі» лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч.

Выданне было падрыхтаванае і выдадзенае за грошы, сабраныя на краўдфандынгавай пляцоўцы. Адзін з самых вялікіх фінансавых унёскаў зрабіў "Белгазпрамбанк". Усе кнігі планавалася бясплатна перадаць у бібліятэкі краіны. Аднак у Магілёўскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях ад падарунка адмовіліся, палічыўшы, што кніг Святланы Алексіевіч у іх фондах дастаткова.

У сваім адказе на зварот бажаўцаў Ілона Сарокіна таксама напісала пра тое, што ў Магілёўскай абласной бібліятэцы любы жадаючы можа азнаёміцца з кнігамі Святланы Алексіевіч. Новы пяцітомнік, сцвярджае Сарокіна, у іх фондзе ўжо ёсць. Спадарыня Сарокіна паведаміла, што ўсяго ў фондзе налічваецца 76 асобнікаў кніг Святланы Алексіевіч, у тым ліку 15 выданняў на беларускай мове.

“Паколькі электронны фонд бібліятэкі змяшчае ўсе наяўныя творы аўтара, любы карыстальнік можа знайсці дадзеныя і пра новае выданне — «Галасы Утопіі», выдадзеныя ў 2018 годзе”, — паведаміла спадарыня дырэктар.

На сайце Магілёўскай абласной бібліятэкі сапраўды можна знайсці інфармацыю пра наяўнасць беларускамоўнага пяцітомніка "Галасы Утопіі" Святланы Алексіевіч у фондзе бібліятэкі. Ілона Сарокіна лічыць, што чытачы бібліятэкі заўсёды маюць магчымасць свабоднага доступу да творчасці пісьменніцы.

“Мы ўдзячныя спадарыні Сарокінай за хуткі адказ на наш зварот, — адзначыў старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч. — Добра, што ў фондзе бібліятэкі прысутнічаюць розныя кнігі Святланы Алексіевіч і наведвальнікі бібліятэкі маюць да іх свабодны доступ.

Але разам з тым мы не атрымалі ад дырэктара бібліятэкі канкрэтнага адказу на нашы пытанні: чаму Магілёўская абласная бібліятэка адмовілася ад падарунка — беларускамоўнага пяцітомніка «Галасы Утопіі» Святланы Алексіевіч, і хто прыняў рашэнне адмовіцца ад гэтых кніг.

На наш погляд, кнігі Святланы Алексіевіч з серыі "Галасы Утопіі" на беларускай мове не будуць залішнімі як для фонду абласной бібліятэкі, так і для раённых цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм вобласці. Беларускамоўнае выданне твораў Святланы Алексіевіч павінна дайсці да чытачоў Магілёўскай вобласці, якія самі разбяруцца ў шматколернай літаратурнай палітры”, — выказаў сваё меркаванне Барыс Вырвіч.