259

Творчыя сустрэчы ў рэдакцыі "Газеты Слонімскай"

24.05.2019 Крыніца: Мікола Канановіч для Baj.by

Ад Слоніма да Беластока, ці Гродна бліжэй, чым да Мінска. Апошнім часам часцей у рэдакцыю "Газеты Слонімскай" завітвалі сталічныя госці. Сёлетні травень змяніў гэтую практыку.

 стваральнік і кіраўнік фонду беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк

Яраслаў Іванюк і Віктар Шалкевіч

15 траўня адразу два госця, адзін з Беластока, а другі (па дарозе з ім) з Гродна прыехалі ў Слонім. У той дзень стваральнік і кіраўнік фонду беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк пачынаў у Слоніме сёлетнюю прэзентацыю свайго рэсурсу ў Беларусі. А каб сустрэчы праходзілі больш плённа і весела спадар Яраслаў прыхапіў з сабой свайго даўняга сябра і вядомага спявака, паэта, пісьменніка, артыста  і шоумэна Віктара Шалкевіча.

Журналісты "Газеты Слонімскай" і госці той сустрэчы з цікавасцю слухалі расповед Іванюка пра тое, як ад выдання папяровага бюлетэню праграм беларускай рэдакцыі Радыё Палонія ў даінтэрнэтаўскую яшчэ эпоху, дзе ён тады працаваў, узнікла ідэя стварыць беларускую электронную бібліятэку ў Польшчы, якая з цягам часу была рэалізавана ў рэсурс, што цяпер мае 400 тысяч публікацый беларускіх кніг і перыёдыкі з наведвальнасцю 1000 – 3000 чалавек у дзень.

 Расповед Яраслава і яго інтэрнэт-экскурсія па сайце kamunikat.org увабралі ў сябе больш як 20 гадоў навейшай гісторыі. І глядзець, і слухаць гэты жывы, эмацыйны экскурс было не сумна.

Але другая частка той сустрэчы, калі ўзяў у рукі гітару і заспяваў Віктар Шалкевіч, павінна надоўга запомніцца ўсім: слонімскім журналістам, гасцям і суседзям офіса рэдакцыі "Газеты Слонімскай". У Слоніме, дарэчы, Шалкевіч бывае рэдка, а спявае яшчэ радзей. Але тады пацеўшы нашы стомленыя працай душы. Дзякуй, маэстра!

 

Ірына Новік і Марыя Кучмэйна

Раней перадавыя работнікі заводаў і калгасаў ездзілі ці то пераймаць працоўны досвед, ці то дзяліцца ім. У наш час гэтым любяць пераймацца журналісты, выдаўцы і рэдактары недзяржаўных медыя. Магчыма, і дзяржаўных таксама, але тут аўтар гэтых радкоў не валодае дастаткова поўнай і аб`ектыўнай інфармацыяй.

Што да калегаў, то ў рэдакцыю "ГС" у Слонім 21 траўня наведаліся адразу дзве каляжанкі з гродзенскага інтэрнэт-рэсурса Hrodna.life, які ўжо пяць гадоў не дае спакою абласным начальнікам, Ірына Новік і Марыя Кучмэйна. І хоць якраз у той дзень здаваўся ў друк чарговы нумар "Газеты Слонімскай", сустрэча з калегамі атрымалася цёплай і цікавай.

Вось жа, прызнацца, раней нават не чуў пра гульню ў інтэрнэце, дзе трэба перабіраць смецце, а Ірына Новік паказала ў сябе на сайце і запэўніла, што далей за 4-ы ўзровень не дайсці — нават сам распрацоўшчык гэтай гульні далей 6-га не падымаўся. Гульню, дарэчы, можна бясплатна прапанаваць чытачам пры публікацыі матэрыялу на экалагічную тэму ў інтэрнэце — вось спасылка на яе https://hrodna.life/articles/sartuy-smecce.

Саміх жа Ірыну і Марыю найбольш цікавіла, як гэта мы такой малой камандай паспяваем рабіць цікавую газету і сайт. Выпытвалі, як маглі, нашы працоўныя сакрэты.  А мы дзяліліся, чым маглі, — кавай, печывам, цукеркамі... Усё ж добра, калі да вас завітваюць калегі.

У размове з аўтарам гэтых радкоў спадарыня Новік пацікавілася, ці ўдаецца нам паставіць у пэўныя рамкі супрацоўнікаў нашай рэдакцыі, маючы на ўвазе рэжым працоўнага дня, тэрміны выканання рэдакцыйных заданняў і іншае. Так, у нас рэдакцыя афіцыйна працуе з 8.00 да 18.00 пяць дзён на тыдзень. Але ці патрэбна яшчэ далей заганяць у нейкія рамкі журналістаў, якія так ці інакш працуюць усе выхадныя і ўсе святы на розных мерапрыемствах, з дому, з лецішча, у дарозе?.. Тут кожны рэдактар і ўладальнік СМІ па-свойму вырашае. Галоўнае ў гэтай справе, падаецца, не выйсці за рамкі ўсякай прыстойнасці.

А напрыканцы, дзякуй за запрашэнне ў госці! Будзем у Гродне, завітаем на вул. Кірава, 3 — на каву і па досвед.

Фота з архіва "Газеты Слонімскай"