765

Турцыя: Журналіста Ахмета Несіна пакінулі за кратамі

05.07.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Турэцкія ўлады вызвалілі журналіста Эрола Ондэроглу і Шэбнем Корур Фінкансі, але пакінулі за кратамі Ахмета Несіна. Яны па-ранейшаму знаходзяцца пад абвінавачаннем ў “прапагандзе тэрарызму” і “ўсхваленні злачынстваў”.

“Рэпарцёры без межаў” падзякавалі грамадскасці за шырокую падтрымку, але падкрэсліваюць, што справа яшчэ толькі пачынаецца.

“Мы, вядома, цешымся, што Ондэроглу і Фінкансі вызвалілі, – кажа Крыстоф Дэлуар, генеральны сакратар "Рэпарцёраў". – Але яны не павінны былі і дня знаходзіцца ў турме. Гэта справа толькі пачынаецца, і кампанія не павінна сціхаць. Мы заклікаем неадкладна вызваліць Несіна і зняць абвінавачанні з усіх удзельнікаў кампаніі салідарнасці з газетай “Озгюр Гюндэм”".

Нагадаем, што больш за 50 журналістаў удзельнічалі ў акцыі салідарнасці з пракурдскім выданнем “Özgür Gündem”: журналісты, інтэлектуалы і праваабаронцы публікавалі свае матэрыялы ў апальным выданні, якое асвятляе курдска-турэцкі канфлікт, і выступалі ў якасці “рэдактара на дзень”.

Нагадаем, што ГА “БАЖ” падтрымлівала петыцыю “Платформы грамадзянскай салідарнасці” за вызваленне і зняцце абвінавачанняў з турэцкіх праваабаронцаў і журналіста.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!