968

Трымала дыктафон, апытвала людзей — штраф 25 базавых

15.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна аштрафаваная на 25 базавых велічынь. Такое пакаранне ў судзе Бярозаўскага раёна абвесціла 15 лістапада суддзя Алена Нямкова паводле складзенага на журналістку-фрылансера пратакола.

Суддзя  прызнала яе вінаватай у парушэнні артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністратыўных правапарушэннях (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).

Нагадаем, што ў першы дзень судовага працэсу быў дапытаны сведка Анатоль Джыга. Але дакладна распавесці ці займалася Тамара Шчапёткіна журналісцкай дзейнасцю ў будынку суда Кобрынскага раёна 28 верасня і якое СМІ яна прадстаўляла, сведка не здолеў.  

На другі дзень, 15 лістапада, у судзе адбыўся прагляд відэарэпартажа брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна, які таксама 28 верасня знаходзіўся ў будынку суда ў Кобрыне. Падчас гэтага прагляду суддзя Алена Нямкова заўважыла, што на відэа добра бачна, як Тамара Шчапёткіна трымае ў руках дыктафон і апытвае людзей.

У выніку, нават не зрабіўшы перапынак, суддзя адразу абвесціла рашэнне — штраф памерам 25 базавых велічынь, альбо 575 рублёў.

Сябра ГА “БАЖ” Тамара Шчапёткіна, якую ўжо не першы раз прыцягваюць да адказнасці за супрацоўніцтва з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі, сваёй віны не прызнае і лічыць падобныя судовыя працэсы палітычным пераследам.