1394

Тры здымкі на мяжы каштавалі фрылансеру Жукоўскаму 1 150 рублёў

15.06.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Намеснік начальніка Гомельскай мытні Васіль Чайкоўскі 15 траўня пастанавіў прызнаць вінаватым журналіста-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага ў парушэнні часткі 1 артыкула 23.32 КаАП — “Парушэнне рэжыму ў пунктах пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь”, і аштрафаваў яго на 50 базавых велічыняў, альбо 1 150 рублёў.

“Напрыканцы красавіка я вез з Украіны на ўласнай аўтамашыне бацькоў героя Нябеснай Сотні Ніну і Міхаіла Жызнеўскіх, грамадскага актывіста Віктара Рубцова, — распавёў Службе маніторынгу ГА "БАЖ"  Кастусь Жукоўскі. — У пункце пропуску “Новая Гута” мытнікі вырашылі правесці нам паглыблены дагляд, завярнулі ў адпаведны бокс. Трымалі там каля трох гадзінаў. Я сфатаграваваў у боксе на тэлефон сваю машыну і каля яе Жызнеўскіх, апублікаваў здымкі ў Facebook. Было проста шкада людзей сталага веку, са слабым здароўем, якіх трымалі разам са мною ў боксе паглыбленага дагляду столькі часу. Здымкі скарысталі некаторыя мэдыярэсурсы, у тым ліку і сайт "Радыё Свабода". За фотаздымкі мяне і абвінавацілі ў парушэнні рэжыму ў пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы”.

У пастанове на штраф адзначаецца, што парушэнне выяўлена  4 траўня  аддзелам ідэалагічнай работы Гомельскай мытні “падчас  штодзённага маніторынгу СМІ і інфармацыйных рэсурсаў у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт”.  Бо вядзенне фізічнымі асобамі  фота- і відэаздымкаў у пунктах пропуску забаронена артыкулам 43 Закона “Аб дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”.

Вінаватым сябе Жукоўскі не лічыць, спасылаючыся на канстытуцыйнае права на атрыманне, захаванне і распаўсюд інфармацыі, паколькі здымкі датычныя яго асабіста і ягоных знаёмых і не ўтрымліваюць дзяржаўнай таямніцы.

Сведкамі пры разглядзе адміністрацыйнай справы былі Ніна і Міхаіл Жызнеўскія, паказанні якіх ацэнены толькі ў плане пацверджання факта  фотаздымкаў Жукоўскім у боксе паглыбленага дагляду Рэспубліканскага пункта мытнага афармлення “Новая Гута”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!