5394

Трое гомельскіх журналістаў-фрылансераў звярнуліся да генеральнага пракурора

20.11.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

 

Трое журналістаў-фрылансераў з Гомеля – Наталля Крывашэй, Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі – спрабуюць аспрэчыць у Генеральнай пракуратуры буйныя штрафы, вынесеныя на падставе міліцэйскіх пратаколаў раённымі судамі Гомельскай вобласці за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”. Яны накіравалі генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку скаргі.

Наталля сёлета павінна сплаціць у бюджэт 24,3 млн. рублёў, Ларыса 3,6 млн., а Кастусь – 31,5 млн.

Дапамагаў рыхтаваць скаргі гомельскі праваабаронца, юрыдычны кансультант ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Леанід Судаленка. Ён лічыць, што ў справах незалежных журналістаў суддзі ўзялі на сябе адказнасць за невыкананне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі і артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю.

Судовыя пастановы выносілі сёлета суддзі Рагачоўскага раёна Аляксандр Крайнікаў, Буда-Кашалёўскага раёна Уладзімір Пракапенка, Гомельскага раёна Аляксандр Лісоўскі, Цэнтральнага раёна Гомеля Аксана Осіпава, Марына Дамненка і Віктар Казачок, Чыгуначнага раёна – Мікалай Бакуноў.

Не ўбачылі парушэнняў пры вынясенні штрафаў  фрылансерам старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў, суддзі Васіль Бягун, Анатоль Сотнікаў, Мікалай Доля, а таксама намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Руслан Аніскевіч.

Ад  рэакцыі Генеральнай пракуратуры на скаргі залежыць, ці будуць аштрафаваныя гомельскія журналісты-фрылансеры падаваць заявы ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!