759

Трэнінг па фотажурналістыцы ў Гомелі: як прымусіць здымкі “загаварыць”?

30.05.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская філія ГА “БАЖ” зладзіла для сваіх сяброў на мінулых выходных майстар-клас на тэму: “Мастацкі падыход у фотажурналістыцы”. Сваім досведам з гомельскімі калегамі падзяліўся фотакарэспандэнт “Нашай Нівы” Сяргей Гудзілін.

Пытанняў да майстра фатаграфіі ў публікі было шмат: ад візуальнай культуры здымка, яго тэхнічных параметраў да мастацкага бачання свету – з тым, каб прымусіць здымак “загаварыць”. На падставе адмыслова падабраных фотарэпартажаў, фотагісторый трэнер паказваў, як асвятляліся розныя важныя падзеі на планеце сусветна вядомымі майстрамі, якія тэндэнцыі існуюць у сучаснай фотажурналістыцы.

Сяргей Гудзілін прадэманстраваў і свае серыі фотаздымкаў – пра жыццё і побыт беларускіх вайскоўцаў, Радаўніцу ў Барысаве, тату з беларускімі нацыянальнымі сімваламі.

Былі і практычныя пытанні. У прыватнасці, фрылансера Марыну Драбышэўскую вельмі цікавіла,  як трапляць “у той самы момант у тое самае месца”. Дастаткова проста спыніцца і крышачку паназіраць”, –  патлумачыў фотамайстар.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!