Каляндар

Трэцяя гадавіна забойства журналіста Паўла Шарамета

16.07.2019 341
Дэдлайн Пачатак Назва Арганізатар
20.07.2019 12:00 Трэцяя гадавіна забойства журналіста Паўла Шарамета ГА "БАЖ"
Адрас: 
Паўночныя могілкі

У суботу споўніцца 3 гады з моманту забойства Паўла Шарамета. У гэты дзень калегі збіраюцца наведаць магілу журналіста на Паўночных могілках у Мінску, ускласці кветкі і ўзгадаць Паўла.

Наведванне адбудзецца а 12-й гадзіне на Паўночных могілках (схема).

Жадаючыя могуць даехаць туды самі ці разам сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ад’езд — аб 11:00 ад офіса арганізацыі (г.Мінск, вул.Кальварыйская, 16).

Калі Вы хочаце паехаць з намі, калі ласка, паведаміце пра гэта па тэлефоне 8029-138-57-96.

 

Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. Акалічнасці яго смерці да гэтага часу не расследаваныя.

20 ліпеня 2016 года ў машыне, на якой ехаў вядомы журналіст, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Выбух прагрымеў у 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасць узрыўчаткі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400-600 г у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50.

Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу на падставе артыкула "Наўмыснае забойства". Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядаецца помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключае, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, з-за асабістых матываў або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца "Украинской правды" Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі рухаўся Шарамет у момант трагедыі).

Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску. Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе правучыўся тры курсы. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Да 1992 года працаваў у адным з беларускіх банкаў. Затым прыйшоў на беларускае тэлебачанне. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы "Праспект".

У 1996 годзе працаваў галоўным рэдактарам "Белорусской деловой газеты". У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускім бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (цяпер — Першы канал) і ўласным карэспандэнтам канала па Беларусі.

У ліпені 1997 года, падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Яго прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, журналіст правёў у турме тры месяцы.

У 1998 годзе Шарамет пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм "Навіны" і "Час" дырэкцыі інфармацыйных праграм расійскага канала ОРТ, а ў студзені 1999-га заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы "Час".

У 2000 годзе Шарамет пакінуў праграмы навін і працягваў працаваць на Першым канале як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у межах інфармацыйных праграм. Канчаткова пакінуў тэлеканал у 2008 годзе.

З 2009 года быў рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе "Огонёк". У 2011 годзе Шарамет нядоўга вёў перадачу "Прысуд" на тэлеканале РЕН ТВ.

Быў сузаснавальнікам папулярнага грамадска-палітычнага інтэрнэт-рэсурсу "Беларускі партызан" і навукова-папулярнага інтэрнэт-выдання "Гістарычная праўда".

З 2012 года вёў блог у інтэрнэт-газеце "Украинская правда", у далейшым стаў яе выканаўчым дырэктарам.

З верасня 2013-га па 2014 год працаваў вядучым праграмы "Прав? Да!" на Грамадскім тэлебачанні Расіі.

У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект "Дыялогі" на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года вёў ранішнія перадачы на "Радио Вести", з пачатку 2016-га — будзённую праграму "Раніца Паўла Шарамета" там жа.

Суаўтар кнігі "Выпадковы прэзідэнт", прысвечанай праўленню Аляксандра Лукашэнкі.

 

Два гады таму быў забіты Павел Шарамет. Калегі і родныя ўшанавалі памяць Паўла

Маці Паўла Шарамета: Я зразумела, што справа не будзе раскрытая. Вось і ўсё

«Мой отец — Павел Шеремет». Дети убитого журналиста рассказали, каким отцом он был