548

Трэці штраф за фрыланс. Супярэчнасці суд пад увагу не ўзяў

15.03.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельскі раённы суд 14 сакавіка аштрафаваў журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына — кожнага на 25 базавых велічыняў (612 рублёў 50 капеек). Сёлета гэта ўжо трэці штраф гамельчукам за фрыланс.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/hato0314_01.jpg

Журналісты прызнаныя вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

У сярэдзіне лютага на сайце тэлеканала “Белсат” была змешчана інфармацыя і відэа пра масавы забой свіней у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна. На падставе матэрыялаў, размешчыных на сайце тэлеканала, участковы інспектар Гомельскага РАУС, капітан міліцыі Якаў Сухайкоў склаў адміністрацыйныя пратаколы паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

Суддзя Андрэй Сусла, які разглядаў пратаколы, высвятляў, ці  давяраюць абвінавачаныя суду.

“У нас няма незалежных судоў. Як я магу давяраць таму, чаго няма? Але да вас, канкрэтнага суддзі, прэтэнзій няма”, — адказаў Жукоўскі.

Ён хадайнічаў таксама, каб на адрас участковага Сухайкова было вынесена прыватнае азначэнне — за неахайныя пратаколы, якія не чытаюцца. А таксама за ўнесеныя непраўдзівыя звесткі.

“У маім пратаколе напісана, што я незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю СМІ. І ў Толчына тое ж самае. Я рабіў відэаздымкі, "нарэзку". Пры чым тут Толчын?” — задаваўся пытаннем фрылансер Жукоўскі.

Ён патлумачыў таксама, што ніякіх відэаздымкаў на “Белсат” не адсылаў, а толькі ў розныя агенцтвы, у тым ліку і “Ньюс-інфармацыя”. А яшчэ размяшчаў у свабодным доступе на сваёй старонцы ў YouTube. Да таго ж, у сюжэта на “Белсаце” ёсць аўтар — Вольга Старасціна.

На  хадайніцтва  наконт прыватнага азначэння на адрас участковага суддзя Андрэй Сусла адрэагаваў гэтак: будзе разгледжанае напрыканцы пасяджэння, па выніках разбіральніцтва. Але так і не разгледзеў яго.

Адхіліў ён і хадайніцтва пра выклік у суд участковага міліцыянта і прадавачак фірмовай крамы камбіната, якія казалі фрылансерам пра адсутнасць у продажы мяса свініны цягам тыдня. Тыя мусілі пацвердзіць, хто менавіта рабіў здымкі і як называў сябе.

Па ініцыятыве міліцыі ў суд быў запрошаны як сведка толькі ахоўнік камбіната «Сож» Мікалай Мядзведзеў. Аднак ён не пазнаў ні Жукоўскага, ні Толчына.

“Прыязджалі 13 лютага хлопец з дзяўчынай. Хлопец фатаграфаваў схему камбіната. Ён быў у куртцы, на Жукоўскага крыху падобны. А Толчына я наогул не бачыў”, — засведчыў ахоўнік камбіната.

Не звярнуў увагу суд і на тлумачэнні  Жукоўскага і Толчына. Яны даводзілі, што не з’яўляюцца журналістамі “Белсата”, не маюць з ім працоўных дамоваў, і таму не акрэдытаваныя ў беларускім МЗС. Прапаноўвалі зрабіць запыт на “Белсат”.

Згаданыя ды іншыя супярэчнасці суддзя пад увагу не ўзяў і пакараў фрылансераў буйнымі штрафамі.

“Які загад атрымаў суд, так ён яго і выканаў. У нас жа няма падзелу ўладаў. Як заяўляў кіраўнік дзяржавы, уладу трэба трымаць у кулаку. Яна ў адным кулаку і трымаецца. Таму іншага выраку чакаць не даводзіцца”, — кажа  Андрэй Толчын.

Сума штрафаў у Толчына за фрылансерскую дзейнасць склала 2 695 рублёў, у Жукоўскага — 2 572,5 рубля.