156

Трэці раз запар Гродзенскі абласны суд скасоўвае рашэнне пра адміністрацыйнае пакаранне журналіста

14.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі абласны суд 10 верасня скасаваў рашэнне суда Кастрычніцкага раёну Гродна пра пакаранне аміністрацыйным арыштам журналіста Hrodna.Life Руслана Кулевіча.

Напярэдадні абласным судом былі адмененыя адміністрацыйныя пакаранні гродзенскім журналістам Сяргею Людкевічу і Яну Роману.

Разгледзеўшы скаргу Руслана Кулевіча, суддзя Гродзенскага абласнога суда Ігар Собалеў скасаваў пастанову суда Кастрычніцкага раёна Гродна ад 12 жніўня і накіраваў адміністрацыйную справу ў дачыненні журналіста  на новы разгляд. Праводзіць працэс будзе ўжо іншы суддзя.

Падставай для такога свайго рашэння суддзя Ігар Собалеў назваў парушэнне права на абарону.

Руслан Кулевіч быў гвалтоўна затрыманы міліцыянтамі 11 жніўня ў цэнтры Гродна ў памяшканні крамы. Журналіст быў абазначаны камізэлькай з надпісам “Прэса”. Падчас затрымання яго жорстка збілі і да суда змясцілі пад варту ў ізалятар часовага ўтрымання. 12 жніўня Кастрычніцкі райсуд на падставе міліцэйскага пратакола прызнаў Кулевіча вінаватым ва ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП) і пакараў арыштам на сем сутак. На наступны дзень, 13 жніўня, журналіста вызвалілі з ІЧУ без тлумачэння прычын.

Пасля вызвалення Руслан Кулевіч звярнуўся па дапамогу да медыкаў і адразу быў шпіталізаваны з-за траўм, атрыманых падчас затрымання. У яго дыягнаставалі пералом абедзвюх рук у вобласці кісцяў, закрытую чэрапа-мазгавую траўму і струс мазгоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!