288

Трансгранічны форум журналістаў прайшоў у Луцку

24.12.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналісцкі форум сёлета быў прысвечаны рэалізацыі праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”, якая разлічаная на 2014—2020 гады.

Форум аб'яднаў каля 80 прадстаўнікоў медыя з Украіны, Польшчы і Беларусі. У журналістаў была магчымасць пазнаёміцца не толькі ​​з рэалізаванымі праектамі па супрацоўніцтве суседніх краін, але і з тымі, дзе праца яшчэ працягваецца.

У прыватнасці, у самым Луцку ўдзельнікі форуму наведалі мясцовы замак і вежу Чартарыйскіх — руіны ўмацаванняў вакольнага замка XIV-XV стагоддзяў — рэстаўрацыя якіх адбываецца ў межах праекту “Новае жыццё старога горада: рэвіталізацыя помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Луцка і Любліна”.

Падчас агляду фрагментаў замка і сутарэння кляштара езуітаў журналісты даведаліся, што аднаўленчыя работы прадугледжваюць не проста рэстаўрацыю, а стварэнне музея рыцарства. Бліжэйшым часам плануецца завяршыць добраўпарадкаванне гістарычнага помніка. Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што пасля рэстаўрацыі ў сутарэннях будынка, дзе зараз размяшчаецца Валынскі каледж Нацыянальнага ўніверсітэта харчовых тэхналогій, з'явіцца новы займальны турыстычны маршрут.

Праграма форуму прадугледжвала таксама візіт ва ўпраўленне Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны ў Валынскай вобласці: знаёмства з распрацаванай комплекснай сістэмай арганізацыі руху ў горадзе і наведванне Луцкага заапарка. Усе гэтыя аб’екты — раней ці зараз — атрымалі сродкі з бюджэту Еўрасаюза.

Арганізатары форуму палічылі вельмі важным не толькі прэзентаваць журналістам праекты, што ажыццяўляюцца ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”, але і запрасілі прастаўнікоў СМІ да дыскусіі наконт таго, якім чынам лепш інфармаваць грамадскасць трох краін пра рэалізацыю гэтых праектаў.

Напрацоўкі і прапановы журналістаў, выказаныя падчас “мазговага штурму” ў групах, мусяць быць выкарыстаныя ў далейшай працы каардынатараў праграмы і ініцыятараў самых разнастайных праектаў.    

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!