1076

Толчын: Трымаў мікрафон — атрымай штраф

30.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 30 лістапада аштрафаваў журналіста-фрылансера Андрэя Толчына на 25 базавых велічыняў (575 рублёў) за сюжэт на «Белсаце», які называўся: “40 градусаў, пагрозы і вада з туалета. Працаўнікі гомельскага “Каштану” пра невыносныя ўмовы".

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/1_14.jpg

Напярэдадні суддзя Чыгуначнага райсуда Яўген Шаршнёў за гэты ж самы сюжэт аштрафаваў на 690 рублёў гомельскага незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага, прызнаўшы яго вінаватым ў вырабе і распаўсюдзе сюжэту для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.

Андрэй Толчын, у сваю чаргу, патлумачыў, што 3 кастрычніка быў каля прадпрыемства “Каштан”, каб абараняць Жукоўскага ад “непісьменных міліцыянтаў, неадэкватных асобаў, якія, бывае, кідаюцца на журналіста з відэакамэрай”. А яшчэ – трымаў мікрафон і вёў перамовы з нарадам міліцыі, што прыехаў да прахадной прадпрыемства па выкліку ахоўнікаў.

“На відэа бачна, што вы стаіце з мікрафонам побач з маладым чалавекам. Вы бралі ўдзел у апытанні?” – пацікавіўся суддзя Шаршнёў у Андрэя Толчына.

“Я трымаў мікрафон, але пытанняў не задаваў, – адказаў  Толчын. – Я  гутарыў толькі з міліцыянтамі, тлумачыў, што відэаздымкі робяцца ў грамадскім месцы – Канстытуцыяй гэта не забараняецца. Куды і якім чынам адпраўляліся відэаздымкі, я не ведаю. Я гэтым не займаюся. У мяне няма працоўных дамоваў з аніякімі СМІ – ні з беларускімі, ні з замежнымі”.

Кастусь Жукоўскі, які выступіў сведкам у адміністрацыйнай справе Толчына,  пацвердзіў, што той толькі трымаў мікрафон, пытанняў мінакам не задаваў, відэаздымкаў не меў, таму і  не мог іх нікуды даслаць.

У выніку суддзя Шаршнёў, які разглядаў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні Толчына, прыйшоў да высновы, што пацвярджэнняў распаўсюду відэаздымкаў няма. Ёсць толькі выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі – Толчын трымаў мікрафон. Адсюль і штраф у 25 базавых велічыняў – на пяць меншы, чым ў Жукоўскага.

“Міліцыя не высвятляе першапачаткова, ці з’яўляюцца фрылансеры супрацоўнікамі таго ж “Белсата”. Адразу вінаваціць, што фрылансеры вырабілі відэасюжэт без акрэдытацыі, якой яны не маюць і ніколі мець не будуць. Суды гэтая акалічнасьць таксама не надта цікавіць. Далі штраф – папоўнілі бюджэт. А што там на тым прадпрымстве, чаго людзі абураюцца – гэта ўжо мала каго цікавіць”, – сказаў пасля агалошвання пастановы суда Андрэй Толчын.

Сёлета гэта ўжо пяты штраф фрылансеру Толчыну паводле  часткі 2, артыкула 22.9 КаАП. Агулам сума штрафаў склала 3795 рублёў.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП 2014-2017 гг.