НЕ - ВАЙНЕ!
801

Тэлерадыёкампаніі “Брэст” прапануюць здымаць перадачы з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі

07.12.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Актывісты абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) прапануюць тэлерадыёкампаніі “Брэст” арганізаваць цыкл перадач з удзелам прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый на актуальныя тэмы.

Як паведаміў службе манторныгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі, на адрас кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі дасланы адмысловы зварот.

“На працягу апошніх некалькіх месяцаў на нацыянальных каналах Беларусі ўсталявалася практыка правядзення аналітычных і экспертных праграм, ток-шоў з удзелам прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый, — кажа Маслоўскі. — Тэлерадыёкампанія “Брэст” з'яўляецца рэгіянальным структурным падраздзяленнем Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Лагічна было б, каб такія перадачы ладзіліся і на абласным узроўні”.

У сваім звароце сацыял-дэмакраты спасылаюцца на шэраг артыкулаў Канстытуцыі. У прыватнасці, у адпаведнасці з артыкулам 4 Асноўнага Закона, дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў, а ў артыкуле 5 гаворыцца, што палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні садзейнічаюць выяўленню i выказванню палiтычнай волi грамадзян. Акрамя таго, палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні маюць права таксама карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі.

Па словах Ігара Маслоўскага, у звароце таксама ўтрымліваецца просьба па магчымасці адлюстроўваць і дзейнасць Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП у рэгіёне. “Лічым, што такі падыход тэлерадыёкампаніі “Брэст” будзе спрыяць выяўленню i выказванню палiтычнай волi грамадзян, і больш поўна адлюстроўваць падзеі ў жыцці рэгіёна”, — дадае Маслоўскі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!