646

Тэлефон журналіста Гардзіевіча, якога вінавацяць ў абразе прэзідэнта, зноў адправілі на экспертызу

21.01.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Карэспандэнт сайта “Першы Рэгіён” Сяргей Гардзіевіч зараз знаходзіцца пад хатнім арыштам у Драгічыне. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса РБ (“Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”).

Карэспандэнт сайта “Першы Рэгіён” Сяргей Гардзіевіч

Адвакат Зоя Дворак паведамляе, што днямі Сяргея Гардзіевіча выклікалі да следчага, дзе азнаёмілі з новай пастановай аб прызначэнні экспертызы яго мабільнага тэлефона.

“Гаворка ідзе пра той жа тэлефон, які ўжо быў прадметам даследавання экспертаў. Аднак прызначылі паўторную экспертызу: верагодна лічаць, што можна будзе атрымаць інфармацыю, якую не атрымалі ў першы раз”, — распавяла адвакат.

Не выключана, што падчас першай экспертызы проста не атрымалася разблакаваць тэлефон.

“Калі б усё было проста, мы б рухаліся да лагічнага завяршэння справы. Але зараз прызначаюцца ўсё новыя экспертызы і, адпаведна, можна меркаваць, што ёсць моманты, без якіх не ўяўляецца магчымым скончыць следства і прыйсці да нейкага канчатковага выніку ці высновы”, — кажа адвакат.

Карэспандэнт “Першага Рэгіёна” Сяргей Гардзіевіч знаходзіцца па хатнім арыштам з 25 снежня, абвінавачванне ў абразе прэзідэнта яму было прад'яўлена ў апошні дзень мінулага года. Журналіст не прызнае віну і не дае паказанняў супраць сябе, карыстаючыся гэтым правам згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі Беларусі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!