778

Тэхналогіі дазваляюць данесці постпраўду да кожнага. У Мінску распачаўся Media Literacy Solutions Forum

18.10.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Цягам двух дзён удзельнікі Форуму Media Literacy Solutions будуць абмяркоўваць праблему маніпуляцый, фэйкавых навін, дэзінфармацыі і шукаць рашэнні, якія дазволяць пераадольваць выклікі сучаснасці для медыя і спажыўцоў інфармацыі.

— Дэзінфармацыя — гэта не новая з’ява. Але ў лічбавы час яна атрымала новыя крылы і выкарыстоўваецца для падману і кампаній па дыскрэдытацыі. Важна хутка выяўляць і распазнаваць дэзінфармацыю, памяншаць колькасць фэйкавых акаўнтаў і размаўляць пра медыяпісьменнасць, — адзначыў падчас адкрыцця Media Literacy Forum кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель.

Дыпламат нагадаў, што з-за дзейнасці расійскіх дэзінфарматараў у сацсетках Еўрасаюз стварыў спецыяльную каманду барацьбы з такой інфармацыяй.

— Гэтая група за апошнія гады выявіла 600 тысяч фактаў дэзінфармацыі і скажэння інфармацыі, — сказаў спадар Шубель. — Як рухацца далей? Удасканальваць сваю працу, вывучаць і абмяркоўваць дэзінфармацыю, мэты барацьбы з ёй. У ЕС мы змагаемся з дэзінфармацыяй для забеспячэння адкрытых і справядлівых дэбатаў паміж палітычнымі і грамадскімі плынямі, рашэннямі без уплыву звонку.

— Мы ганарымся, што нам удалося зрабіць такі важны і ўплывовы форум у сферы медыяпісьменнасці. Свет зразумеў, што жыве ў часы постпраўды. Але Беларусь жыве ў гэтым свеце постпраўды ўжо дзясяткі гадоў. Мы жывем у свеце расійскіх медыя і расійская прапаганды. Беларускае тэлебачанне не здольнае перакрыць нацыянальным кантэнтам свой эфір. Таму важна, што сёння ў Беларусі сярод асноўных медыягульцоў востра стаіць і дыскутуецца пытанне абароны медыяпрасторы ад дэзінфармацыі, ад знешняга ўмяшальніцтва, — сказала падчас адкрыцця Форуму кіраўніца "Прэс-клуба Беларусь" Юлія Слуцкая.

Кіраўніца Прэс-клуба Беларусь Юлія Слуцкая

Старшыня грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец адзначыў, што яшчэ некалькі гадоў таму было цяжка ўявіць правядзенне грунтоўнага Форуму па медыяпісьменнасці, але цяпер праблема дэзінфармацыі паўстала надзвычай востра.

— Тэхналогіі падачы і спажывання інфармацыі зрабілі магчымым данесці постпраўду да кожнага чытача і гледача, — сказаў Андрэй Бастунец, кіраўнік буйнейшай журналісцкай арганізацыі ў Беларусі. —

Узнікае шмат ініцыятыў па барацьбе з фэйкавымі навінамі і постпраўдай. Але цікава, што такія ініцыятывы ўзнікаюць у тых краінах і тых арганізацыях, якія самі распаўсюджваюць фэйкі.

Увосень падчас канферэнцыі правабаронцаў у Варшаве менавіта прадстаўнікі расійскіх тэлеканалаў найбольш актыўна гаварылі пра фэйкавыя навіны. А ў Беларусі, напрыклад, на тэлеканале АНТ з’явілася праграма, якая быццам бы мусіць выкрываць фэйкі, толькі ў кожным яе выпуску я бачу ці тыя ж фэйкі, ці некарэктную падачу інфармацыі. Менавіта таму важна падвышаць устойлівасць грамадства да ўплыву фэйкаў, шукаць рашэнні і шляхі эфектыўнай працы.

Мікалай Кванталіяні прывітаў удзельнікаў ад імя DCN Belarus і як краінавы фасілітатар Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Ён адзначаў, што на мерапрыемстве атрымалася сабраць ключавых асобаў, якія займаюцца медыяадукацыяй у нашым рэгіёне. Таму кожны зможа знайсці карысныя кантакты, пачуць добрыя ідэі.

Мікалай Кванталіяні Николай Кванталиани

Media Literacy Solutions Forum арганізаваны: Digital Communication Network, Беларускай Нацыянальнай платформай Форуму грамадзянскай супольнасці праграмы Усходняе партнёрства, Прэс-клубам Беларусь, адукацыйнай праграмай Вялікабрытаніі Chevening.

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" — партнёр Форуму.

#MediaLiteracySolutionsForum