Аўтарская калонка

Талерантная канферэнцыя АБСЕ – парады журналістам

20.04.2016 Аўтарская калонка Андруся Клікунова 2159

У Вене днямі адбылося Дадатковае паседжанне АБСЕ па пытаннях чалавечага вымярэння, прысвечанае прынцыпам і стратэгіям прасоўвання талерантнасці і недыскрымінацыі.

vie1-15_04_16.jpg

Звыш 180 прадстаўнікоў уладных структур з краін АБСЕ і краін-партнёраў АБСЕ, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці рэгіёна АБСЕ ўзялі ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

vie_plenary-session-04_16.jpg

Сярод іншага, падчас мерапрыемства ў фармаце дыялогу абмяркоўваліся пытанні прафілактыкі і прадухілення праяваў неталерантнасці і дыскрымінацыі ў дачыненні да прадстаўнікоў уразлівых сацыяльных груп.

vie2-15_04_16_0.jpg

Выступоўцы падкрэслівалі выключную небяспеку пашырэння трэнду дэманізацыі пэўных супольнасцяў – у першую чаргу, мігрантаў, ісламскіх вернікаў і прадстаўнікоў ЛГБТ.

Адзначалася важнасць правядзення адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў для спецыялістаў, якія або маюць спрыяць памяншэнню праяваў дыскрымінацыі і неталерантнасці (настаўнікі, журналісты), або маюць эфектыўна абараняць правы прадстаўнікоў уразлівых сацыяльных груп і аказваць ім кваліфікаваную дапамогу ў разе патрэбы (прадстаўнікі праваахоўных органаў, органаў юстыцыі, чыноўнікі, праваабаронцы).

Сярод іншага, вызначалася значная роля СМІ ў барацьбе з праявамі ксенафобіі, а таксама ў пашырэнні ўзаемнай павагі і разумення ў грамадстве.

З іншага боку, выступоўцы падкрэслівалі абавязак СМІ не перакрочваць мяжы паміж свабодай выказвання і мовай варожасці, звярталі ўвагу на негатыўны ўплыў некарэктных публікацый у СМІ ды іх пашырэння ў сацыяльных сетках на дынаміку злачынстваў на глебе нянавісці ў рэгіёне АБСЕ.

vie_side-event-04_16.jpg

Сярод парадаў, якія далі журналістам суаўтары падручніка па падтрымцы ахвяраў злачынстваў на глебе нянавісці ў Еўропе Стэфан-Якуб Кіз, праф. Поль Іганскі і Роберт Кюш, – наступныя:

  • неабходна паважаць патрэбы і пажаданні ахвяры ды яе права на прыватнасць;

  • трэба дакладна растлумачваць ахвяры магчымыя адмоўныя і станоўчыя наступствы, якія можа мець наданне публічнасці асабістай гісторыі;

  • неабходна пазбягаць у журналісцкім матэрыяле ненаўмысных абразаў ахвяры, а таксама несвядомага пашырэння стэрэатыпаў і дыскрымінацыйнага стаўлення да ўразлівай сацыяльнай групы, якую прадстаўляе ахвяра злачынства на глебе нянавісці.

Самая галоўная парада – перад публікацыяй паставіць сябе на месца чалавека, які зазнае нападкі на глебе нянавісці. Бадай, ніхто не застрахаваны…

Абмяркоўвайце ў каментах!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!