282

Таццяна Каравянкова — журналіст года! Асамблея назвала пераможцаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”

10.01.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”, заснаваную Асамблеяй НДА Беларусі, уручалі ўжо ў дзясяты раз. У намінацыі "Журналіст года" адзначаная аглядальнік БелаПАН  Таццяна Каравянкова.

Таццяна Каравянкова — журналістка БелаПАН, яна прафесійна асвятляе грамадска-палітычныя тэмы ў Беларусі і за мяжой.

Таццяна Каравянкова праходзіла ў якасці абвінавачванай па "справе БелТА". Пазней крымінальную справу спынілі — было задаволенае хадайніцтва аб спыненні вытворчасці па крымінальнай справе на падставе арт. 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці). Таццяна, акрамя кампенсацыі раней выстаўленай шкоды, заплаціла штраф 30 базавых велічынь (735 рублёў).

Узнагароду “Мэдыяактыўнасць года” атрымаў Вінцук Вячорка за “Мова пра мову” — гэта перадача і кароткія ролікі ў сацсетках. 

Гарбуз года” ў 2018-ым атрымала БелТА. Па заяве агенцтва абвінавачванымі праходзілі 14 журналістаў і журналістак недзяржаўных медыя за “несанкцыянаваны доступ да інфармацыі”.

Летась у намінацыі «Журналіст года» за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці перамог гомельскі блогер Максім Філіповіч.

Пераможцы прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” вызначаюцца па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі, а таксама запрошанымі экспертамі з ліку лідараў НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі, а таксама журналістаў. Сёлета ў журы ўваходзяць 112 чалавек.