2427

Т. Караткевіч: Слова ў Беларусі павінна быць свабодным!

16.09.2015 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Кандыдат у прэзідэнты ад кампаніі “Гавары праўду!” правяла пікет салідарнасці з незалежнымі журналістамі.

Пікет адбыўся на праспекце Пераможцаў літаральна насупраць будынку, дзе месціцца Міністэрства інфармацыі Беларусі. Менавіта гэты орган, на думку Таццяны Караткевіч, мусіць быць скасаваны.

– Вельмі часта ўлады робяць усё магчымае, каб беларускае грамадства не даведалася праўды, не атрымала праўдзівую інфармацыю пра падзеі ў краіне. Журналістаў затрымліваюць, судзяць, штрафуюць. Але так быць не павінна. Менавіта таму сёння, у дзень 20-годдзя заснавання Беларускай асацыяцыі журналістаў, я выказваю салідарнасць з беларускімі журналістамі, – заявіла падчас пікету Таццяна Караткевіч.

На пікеце прысутнічаў старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец, якога штаб Тацццяны Караткевіч запрасіў на мерапрыемства. Ён падзякаваў арганізатарам за салідарнасць і падтрымку.

У часе пікету ўздоўж праспекту Пераможцаў былі выстаўленыя плакаты з прозвішчамі ўсіх 28-і журналістаў, аштрафаваных у Беларусі сёлета за сваю прафесійную дзейнасць па артыкуле 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Удзельнікі пікету таксама раздавалі мінакам незалежную прэсу.

Апроч Андрэя Бастунца, актывісты кампаніі “Гавары праўду!” запрашалі паўдзельнічаць у пікеце старшыню ГА “Беларускі саюз журналістаў” Анатоля Лемяшонка, а таксама міністра інфармацыі Лілію Ананіч, аднак яны на пікет не з’явіліся.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!