333

Сюжэт адзін, штрафы — розныя

02.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Раённы суд у Буда-Кашалёве 1 лістапада прызнаў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі і на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (980 рублёў). Суд праходзіў без удзелу адказчыка.

Мясцовая міліцыя склала пратакол у дачыненні фрылансера за відэасюжэт “Пасля візіту журналістаў у саўгасе нечакана з’явілася паліва”, паказаны ў эфіры тэлеканала “Белсат” у верасні.

Суддзя Уладзімір Пракапенка, які разглядаў адміністрацыйную справу Жукоўскага, сказаў у тэлефоннай размове карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”, што выконваў сваю працу — нічога асабістага да журналіста не мае.

“Я наогул не разумею, чаму не атрымаць акрэдытацыю? Атрымаў бы яе і ўсё было б у парадку. Ужо і прэзідэнт сказаў, што ўсім журналістам можна атрымаць акрэдытацыю. Жукоўскага толькі сёлета восем разоў прыцягвалі ў судах да адміністрацыйнай адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежны СМІ”, — зазначыў суддзя Пракапенка.

Паводле яго слоў, пры вызначэнні памеру штрафу ўлічана, што Жукоўскі мае на ўтрыманні непаўнагадовую дачку.

Цікава, што шэсць дзён таму ў  гэтым жа судзе за вышэйзгаданы сюжэт суддзя Канстанцін Скорын аштрафаваў Андрэя Толчына, таксама гомельскага  журналіста-фрылансера, толькі на 30 базавых велічыняў, альбо на 735 рублёў.