332

Сюрпрызаў не будзе: Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд Анджэю Пачобуту

26.05.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

26 траўня Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйную скаргу журналіста Анджэя Пачобута на вынесены яму прысуд. Разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме без тлумачэння прычын. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд без зменаў — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У скарзе адвакат Анджэя Пачобута патрабаваў перагляду рашэння Гродзенскага абласнога суда, які пакараў журналіста зняволеннем паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Анджэй зараз знаходзіцца ў турме № 1 Гродна, пасля рашэння па апеляцыі яго этапуюць у калонію.

Журналіста, аднаго з лідараў незалежнага Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года паводле так званай «польскай справы». За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га ХХ стагоддзя Анджэя абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце» — у прыватнасці, яму інкрымінавалася, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

Працэс у абласным судзе Гродна пачаўся толькі сёлета 16 студзеня і праходзіў у закрытым рэжыме. 8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд палітзняволенаму журналісту — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У кастрычніку 2022 года Камітэт дзяржбяспекі ўнёс Анджэя Пачобута ў спіс асобаў, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці».

Увесь час зняволення журналісту забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзуруюцца і блакуюцца ў перапісцы нават з сынам. Цягам больш чым двух гадоў за кратамі Анджэй Пачобут адчуваў пастаянны ціск. Тым не менш, ён неаднаразова адхіляў прапановы аб вызваленні ў абмен на просьбу аб памілаванні і ад’езд з Беларусі.

Чытайце яшчэ:

Памерла маці Дзмітрыя Завадскага

«Чыноўнікі губляюцца, адчуваюць сябе пад ударам». Інтэрв’ю з кіраўніком БРЦ Станіславам Івашкевічам

Журналісты не злачынцы! У цэнтры Мальмё прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх калег

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!