1198

Сёння — уручэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч

10.12.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Цырымонія ўручэння пачнецца а 18:30 па беларускім часе. Прамую трансляцыю цырымоніі можна будзе паглядзець у інтэрнэце.

Нобелеўскую прэмію міра будуць уручаць 10 снежня а 15-й гадзіне ў Осла (Нарвегія). А ад 18:30 паводле беларускага часу ў Стакгольмскай канцэртнай залі пачнецца ўручэнне прэстыжнай прэміі лаўрэатам у галіне фізікі, хіміі, экананічных навук, фізіялогіі і медыцыны, а таксама літаратуры.

Спачатку выступіць старшыня Нобелеўскага камітэта Касі Кулман Файв, а потым кароль Швецыі Карл Густаў ХVI уручыць кожнаму лаўрэату адмысловы медаль з выявай Альфрэда Нобеля і дыплом.

Сёлета Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры з рук шведскага караля Карла Густава ХVI атрымае беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.

А 21:00 паводле беларускага часу — банкет у Блакітнай зале Стакгольмскай ратушы. Да слова, сёлета шведскі кароль будзе спускацца ў залу па лесвіцы са Святланай Алексіевіч. Калі няма жанчыны-лаўрэаткі, па традыцыі кароль вядзе жонку лаўрэата Нобеля па фізіцы.

На банкет запрошана 88 ганаровых гасцей — сёлетнія лаўрэаты, лаўрэаты мінулых гадоў, выбітныя навукоўцы, міністры, дыпламаты, каралеўская сям’я.

Першы тост на банкеце традыцыйна за каралеўскую сям’ю, другі — за Нобеля.

Чакаюцца і кароткія банкетныя прамовы кожнага з сёлетніх лаўрэатаў (па 2 хвіліны).

«У банкетнай прамове будзе пра Беларусь», — сказала пісьменніца журналістам напярэдадні, адказваючы на папрокі крытыкаў яе Нобелеўскай лекцыі.

Таксама, як напісала ў сваім Facebook  журналістка "Радыё Свабода" Аляксандра Дынько, Святлана Алексіевіч звярнулася да яе з просьбаю перадаць незадаволеным такія словы: "Вы патлумачце гэтым сваім героям, што пісьменьнік мусіць гаварыць на сваёй мове, а не рабіць мітынг з Нобелеўскай лекцыі. Што я мусіла крычэць "Жыве Беларусь? Скакаць на кані? Скажыце пра гэта ад мяне".

Прамую трансляцыю ўручэння Нобелеўскай прэміі можна будзе глядзець на старонцы Нобелеўскага камітэту.

Белтэлерадыёкампанія, тэлеканалы АНТ і СТВ не будуць трансляваць цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!