674

Сёння пачынаецца разгляд зыску “Мілкавіты” супраць Юрася Карманава

05.10.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Нагадаем, ААТ «Мілкавіта» падала зыск супраць журналіста Associated Press (AP) Юрася Карманава аб абароне дзелавой рэпутацыі.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/httptitovsergey.com_.jpg

Журналісты АР у красавіку 2016 года правялі расследаванне аб актыўным выкарыстанні забруджаных зямель Чарнобыльскай зоны ў сельскай гаспадарцы. Журналісты даведаліся, што фермер Мікалай Чубянок, які арганізаваў малочную ферму за некалькі кіламетраў ад знакаў «Стоп! Радыяцыя!», штодня здае каля двух тон малака на завод ААТ «Мілкавіта» у Хойніках. Каля 90 % прадукцыі ААТ «Мілкавіта» з Хойнікаў ідзе на экспарт у Расію.

Аналіз малака ў галоўнай лабараторыі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказаў, што дапушчальныя нормы па ўтрыманні стронцыю (SR-90) перавышаныя ў 10 разоў. Згодна з заключэннем цэнтра, які мелі  журналісты, малако ўтрымлівала 37,5 Бк/кг стронцыю пры дапушчальнай норме ў 3,7 Бк/кг.

Журналісты не толькі праінфармавалі аб выніках даследаванняў кіраўніцтва «Мілкавіты», але і працытавалі ў сваім артыкуле словы прадстаўніка завода Маю Феданчук. Яна паведаміла, што «уласны аналіз лабараторыі завода паказвае, што малако адпавядае нормам і ўтрымлівае стронцыю ў сярэднім 2,85 Бк/кг».

Пасля публікацыі Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі правёў праверку, якая не выявіла ў малацэ перавышэнне па колькасці стронцыю-90. На гэтыя вынікі і спасылаецца ААТ «Мілкавіта» ў сваёй заяве ў суд.

«Мілкавіта» патрабуе ад журналіста «абвергнуць загадзя ілжывыя звесткі» не толькі на сайце АР, але і на 7 беларускіх, польскіх і расійскіх сайтах, якія распаўсюдзілі інфармацыю.

– Апублікаваныя намі звесткі тычацца кожнага грамадзяніна, які ходзіць у краму. Расследаванне праведзена па ўсіх канонах жанру і заснавана на фактычных звестках. У артыкуле прыведзеныя і дадзеныя лабараторыі аб 10-разовым перавышэнні стронцыя ў малацэ, а таксама меркаванне прадстаўніка «Мілкавіты», – расказаў Юрась Карманаў прэс-службе ГА “БАЖ”.

Першае пасяджэнне зыску ТАА“Мілкавіта” да Юрася Карманава прызначана на сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска а 15.30.

Фота titovsergey.com

Анлайн-канферэнцыя з Глебам Лабадзенкам. Дасылайце пытанні!

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!