1623

Сёння а 14-й – суд над гомельскім журналістам. Падтрымаем калегу!

15.04.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

15 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбудзецца разгляд чарговай адміністрацыйнай справы ў дачыненні да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Адрас суда – вул. Пушкіна, 10, пачатак а 14-й гадзіне.

Яго зноў абвінавачваюць у парушэнні арт. 22.9 КаАП – “незаконным вырабе прадукцыі СМІ”, а па сутнасці – у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Як вынікае з аўдыёзапісу размовы журналіста з маёрам Шукелем з Цэнтральнага РАУС Гомеля, падставай для адміністрацыйнай справы стаў сюжэт на “Белсаце”. Канкрэтнай назвы і часу выхаду сюжэта міліцыянт не агучыў, але сказаў, што ў ім ішла гаворка пра Беларускае таварыства чырвонага крыжа.

Міліцыянт хацеў выклікаць Жукоўскага на папярэднюю размову ў Цэнтральны РАУС Гомеля, але той не пагадзўся. Днямі журналісту прыйшла позва ў суд.

Жукоўскі, якога сёлета штрафавалі ўжо 6 разоў, зрабіў эмацыйны запіс у Фэйсбуку, заклікаючы калег прыйсці ў суд падтрымаць яго.

Між тым, стала вядома, што 8 красавіка той жа маёр Шукель склаў адміністрацыйны пратакол у дачыненні да журналісткі Ларысы Шчыраковай па тым жа арт. 22.9 КаАП.

Яе вінавацяць у тым, што яна нібыта зрабіла матэрыял пра візіт прадстаўніка ААН па справах уцекачоў Бушардзі ў Гомельскую абласную арганізацыю таварыства Чырвонага крыжа.

Сама Шчыракова адмаўляе сваё аўтарства – яна кажа, што прысутнічала на сустрэчы, але выпадкова выдаліла запіс з флэш-карты. “Гэта проста прававое бязмежжа і здзек. Спадзяюся, у судзе справа разваліцца", – заявіла журналістка сайту gomelspring.org.