3517

Сёлета Мінінфармацыі блакавала доступ да 26 інтэрнэт-сайтаў

01.07.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", БелаПАН Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

Такую лічбу агучыла 30 чэрвеня міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

Па словах спн. Ананіч, пяць беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў выкарыстоўвалі свае пляцоўкі для “нядобрасумленнай рэкламы лекавых сродкаў”. (Паводле прэс-рэлізу ад 24 чэрвеня на сайце Мінінфармацыі, гэта рэсурсы bizator.by, ekomok.by, ilotok.by, localmart.by, slanet.by.)

“Думаю, што ўладальнікі гэтых інтэрнэт-рэсурсаў... добра разумеюць, што доступ да гэтых інтэрнэт-рэсурсаў не можа быць адноўлены, таму да нас не звяртаюцца", – цытуе БелаПАН словы Л. Ананіч.  

Да двух рэсурсаў – hata.by і kyky.org – доступ быў адноўлены. "У адпаведнасці з заканадаўствам аб СМІ ўладальнікамі распачатыя вычарпальныя меры па зняцці той інфармацыйнай прадукцыі, якая супярэчыла заканадаўству аб СМІ", — заявіла міністр 30 чэрвеня.

Hata.by – рэсурс пра продаж і арэнду нерухомасці ў Беларусі. Калі менавіта і за што яго блакавалі – не паведамляецца. (Толькі ў прэс-рэлізе Мінінфармацыі ад 17 чэрвеня фігуравала згадка пра аднаўленне доступу да аднаго з заблакаваных рэсурсаў.)   

У тым жа прэс-рэлізе гаварылася пра блакаванне kyky.org, якое выклікала шырокі рэзананс. Мінінфармацыі сцвярджала, што ў шэрагу публікацый kyky “утрымліваюцца прыніжальныя выказванні ў дачыненні да дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь Дня Перамогі”, прысутнічае “табуяваная лексіка, грэблівыя, а часам і зневажальныя выказванні на адрас прадстаўнікоў пэўных сацыяльны груп, нацыянальнасцяў і рэлігійных канфесій”. Сцвярджалася, што “дадзеная інфармацыя здольная нанесці страты нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Гаворка ішла пра тэксты-меркаванні аўтарства Александра Кныровича і Паўла Свярдлова.

22 чэрвеня прадстаўнікі рэдакцыі сустрэліся з першым намеснікам міністра інфармацыі Ігарам Луцкім і юрыстам ведамства. (Ініцыятыва сустрэчы зыходзіла ад Мінінфармацыі.) Рэдакцыі параілі ўважлівей сачыць за ўжыванай на сайце лексікай. На шосты дзень блакавання абмежаванне доступу да сайту знялі. Спрэчныя публікацыі на сайце цяпер недаступныя, але ў каментары tut.by дырэктарка рэсурсу Дар'я Мацявіна запэўніла, што ад артыкулаў-меркаванняў рэдакцыя не адмовіцца.