769

Сын затрыманай Ларысы Шчыраковай – за паўтара кіламетра ад дома, дзе жыў з маці. Сваякі чакаюць яго бацьку з Сібіры

09.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Трэція суткі былую журналістку Ларысу Шчыракову ўтрымліваюць у гомельскім ІЧУ, а яе непаўнагадовага сын Святаслава у сацыяльна-педагагічным цэнтры ў пасёлку Бярозкі Гомельскага раёна. Гэта нейкіх паўтара кіламетра ад дома, дзе падлетак гадаваўся з маці.

У ізалятары не прынялі перадачу для Ларысы ад сваякоў. Відавочна, у бліжэйшы час яе перавядуць у СІЗА-3 на вуліцу Кніжную.

Сваякі дагэтуль не ведаюць, за што затрымалі Ларысу, разлучыўшы з сынам. Распавядаюць толькі, што ў прыватным доме, дзе жыве жанчына, сілавікі ўвечары 6 снежня ўчынілі ператрус, які можна прыраўняць да пагрому.  Перавярнулі ўсё не толькі ў хаце вобшук рабілі ў лазні, у аўтамабілі. Нейкіх актаў вынятку сваякі пакуль не бачылі.

Адваката Ларысе Шчыраковай яшчэ не наймалі. Мінулы дзень пайшоў на тое, каб забраць маці-пенсіянерку з бальніцы, пасля кавіду яна працяглы час хварэе і не можа зараз хадзіць без дапамогі.

Сваякам Ларысы ўдалося звязацца з бацькам Святаслава, які даўно жыве ў расійскім Новасібірску. Ён першы, каго сацыяльныя службы бачаць апекуном падлетка.

Дзеду Святаслава, Фёдару Шчыракову, ужо больш за восемдзесят гадоў.

Ларыса вельмі пераймаецца за лёс сына і яго вучобу ў дзясятым класе. Пра гэта адкрыта пісала ў Facebook, казала, што сыну патрэбная дапамога, асабліва па матэматыцы і хіміі. Англійскую мову маці сама кантралявала, а без яе ў сына, хутчэй за ўсё, таксама будуць складанасці.

Перадапошні ператрус дома ў Ларысы Шчыраковай быў год таму. Зрабілі яго супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Яны прыйшлі ў прыватны дом журналісткі ў 7.15 раніцы. У выніку ў Шчыраковай забралі тэлефон, фота- і відэаабсталяванне, накапляльнікі інфармацыі (вінчэсцеры, флэшкі).

Потым Ларысу дапыталі ва ўпраўленні ДФР. Яна адмовілася сведчыць супраць сябе, карыстаючыся артыкулам 27 Канстытуыі. Падрабязнасці справы, у межах якой адбыўся вобшук, не паведамляла, бо вусна была папярэджаная пра крымінальную адказнасць за разгалошванне матэрыялаў следства. Тады ж супрацоўнікі рэгіянальнага УДФР правялі ператрусы ў некалькіх грамадскіх актывістаў не толькі Гомеля, але і Рэчыцы, Калінкавічаў, Мазыра.

Раней Ларыса Шчыракова супрацоўнічала з незалежнымі выданнямі. Але яшчэ ў 2021 годзе публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. Свой сыход яна патлумачыла тым, што ёй і без таго хапіла пераследу за працу без акрэдытацыі. Паводле пратаколаў міліцыі суды каралі журналістку адміністрацыйнымі штрафамі больш як сорак разоў, у тым ліку і за асвятленне паслявыбарчых акцый пратэсту. Адно толькі сутак не прызначалі, паколькі Шчыракова адна гадавала непаўнагадовага сына.  

Развітаўшыся з журналістыкай, Ларыса зарэгістравалася ў выканкаме як індывідуальная прадпрымальніца, каб займацца этнафотасесіямі. Здымала за аплату ахвочых людзей у народных беларускіх строях і выкладала па згодзе фотаздымкі ў Facebook. Нацыянальныя строі і прадметы даўнейшага побыту з багатай асабістай калекцыі ініцыятыўнай жанчыны.

У Шчыраковай быў таксама свой праект па ўшанаванні памяці рэпрэсаваных за савецкім часам, які называўся "Забітыя і забытыя". Яна запісвала на відэа сведчанні сваякоў рэпрэсаваных, рабіла на іх падставе дакументальныя фільмы, размяшчала іх на YouTube. Ларыса і сама здымалася ў фільмах, у прыватнасці, выканала ролю знакамітай зямлячкі, дзяячкі беларускага Адраджэння Палуты Бадуновай у аднайменнай дакументальнай стужцы з элементамі інсцэніроўкі.

Тры гады таму Ларыса Шчыракова зладзіла адукацыйны праект на ток-пляцоўцы “Медыяпрастора”, дзе асновам журналістыкі навучаліся гарадскія аматары відэакамер і фотааб'ектываў. Досведам тут дзяліліся вядомыя журналісты, у тым ліку і са Швецыі.

Сёлета ў верасні пасля арышту былога калегі па журналісцкаму цэху Яўгена Меркіса Шчыракова ў сваіх допісах у сацыяльных сетках узнімала пытанні ўтрымання журналіста ў следчым ізалятары, посціла на сваіх старонках у сацсетках паведамленні пра акцыі салідарнасці з Яўгенам, які ладзіліся ў замежжы.

Ларыса Шчыракова скончыла ў свой час гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Працяглы час выкладала ў школе англійскую мову. Яна была ў ліку заснавальнікаў моладзевай краязнаўчай суполкі "Талака", закрытай цяпер уладамі. У журналістыку Ларыса прыйшла ў 2008 годзе. Гэта было, бадай, пакліканне творчай і дзейнай асобы, якая дбае пра родны край і яго росквіт.

Чытайце яшчэ:

Чем известна Лариса Щирякова, которую задержали в Гомеле

“Беларусь стала одной из самых опасных стран для журналистов в мире”. Интервью с Жанной Кавелие из “Репортеров без границ”

Праваабарончы цэнтр «Вясна» атрымаў прэмію «Цюльпан правоў чалавека»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!