225

Сяргея Зікрацкага могуць пазбавіць адвакацкай ліцэнзіі за каментары ў СМІ

15.03.2021 Крыніца: euroradio.pl

Сяргея Зікрацкага выклікаюць на пазачарговую атэстацыю на пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Пра гэта адвакат напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку. 

Пасяджэнне прызначанае на 24 сакавіка. Прычынай пераатэстацыі сталі выказванні Зікрацкага ў СМІ. 

"Думаеце, падставай для выкліку на пазачарговую атэстацыю сталі скаргі маіх кліентаў? Не. Мінюст палічыў, што мае каментары ў СМІ недастаткова кваліфікаваныя, а значыць, трэба праверыць, ці магу я далей працаваць адвакатам", — распавёў юрыст

Зікрацкі працуе адвакатам з 2013 года. Па яго падліках, за гэты час ён склаў кліентам больш за 2000 актаў (у сярэднім больш за 20 актаў штомесяц) і правёў больш за 280 грамадзянскіх і гаспадарчых спраў (прыкладна 3 новыя справы кожны месяц).

Апошнім часам Зікрацкі абараняе інтарэсы затрыманых супрацоўнікаў Прэс-клуба і ўдзельнічае ў іншых палітычных працэсах.

Дарэчы, папярэдняе пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі пры Мінюсце прайшло 3 сакавіка. На яго выклікалі сем адвакатаў, толькі адзін з іх прайшоў яе паспяхова. Не былі атэставаныя Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч і Мікалай Ётка. Яшчэ тры адвакаты прайшлі атэстацыю "ўмоўна": іх лёс будзе паўторна разглядацца праз паўгода. 

Некалькі адвакатаў, якія вялі палітычныя справы, былі пазбаўленыя ліцэнзіяў раней — напрыклад, Аляксандр Пыльчанка і Людміла Казак.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!