1391

Сяргея Русецкага, віцебскага журналіста-фрылансера, аштрафавалі на 460 рублёў за парушэнне артыкула 22.9 КаАП

22.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Журналіст лічыць, што сітуацыя з ягоным абвінавачаннем склалася абсурдная: яго пакаралі за парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ, хаця відэасюжэт, для якога збіраўся матэрыял, так і не выйшаў у эфір на тэлеканале "Белсат".

Галоўным аргументам для суда сталіся аператыўныя здымкі, на якіх відаць, што ён з мікрафонам апытвае людзей, кажа Сяргей Русецкі:

"Суддзя Алеся Жарыкава выслухала маю прамову, дзе я даводзіў, што артыкул 22.9 можа тычыцца толькі юрыдычных асобаў, якія насамрэч выдаюць прадукцыю СМІ.  Я ж, як фізічная асоба, нічога не выдаю, а таму фармальна парушыць гэты артыкул не магу... А таго, што ў Дзень Волі 25 сакавіка я збіраў матэрыялы для сюжэта пра святкаванне, я не хаваю. Гэтаксама адкрыта я сказаў у судзе, што праз такія надуманыя абвінавачанні ў бок журналістаў у краіне парушаецца свабода слова".

Калегі адзначылі, што Сяргей Русецкі выступаў у судзе эмацыйна і пераканаўча. Але на суддзю гэта не паўплавыла — пасяджэнне працягвалася каля гадзіны, а потым Алеся Жарыкава агучыла пастанову пра штраф. Сяргей Русецкі збіраецца абскардзіць яе ў абласным судзе.

Першапачаткова супраць Сяргея Русецкага была распачатая адміністрацыйная справа паводле артыкула 23.34 — за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Аднак падчас апытання ў пастарунку, якое адбылося 11 красавіка, Русецкаму ўдалося пераканаць міліцыянта, што ён прысутнічаў на святкаванні Дня Волі як журналіст. Урэшце супрацоўнік міліцыі Сяргей Вяракса вырашыў адну справу скасаваць, а распачаць іншую — за парушэнне артыкула 22.9 КаАП.