Аўтарская калонка

Сяргей Ваганаў: Злучаным адной стужкай або пра вердыкты ў сацсетках

03.04.2019 Аўтарская калонка Сяргея Ваганава 806

Днямі  быў на адным мерапрыемстве, дзе абмяркоўваліся магчымасці дэкамунізацыі ў нашай краіне. Раптам пачуў: "А ты, Ваганаў, быў членам КПСС?” Я азірнуўся. Нейкая асоба мужчынскага полу з ліхаманкавым бляскам у вачах, маладзейшая за мяне гадоў на 30, то бок амаль на палову жыцця, утаропілася ў мяне шабельным позіркам: “Дык быў?” — “Быў, — адказаў я. — А чаму вас гэта цікавіць?” — “Ну дык ідзі пакайся”, — тонкія губы расцягнуліся ў з’едлівай усмешцы.

Такі вось прысуд.

Нешта падобнае назіраецца ў стасунках карыстальнікаў сацыяльных сетак, у прыватнасці, Фэйсбуку, дзе “жывуць” шмат калег рознага веку, няблага валодаючых словам, у тым ліку мацерным. Зрэшты, так званая "абсцэнная лексіка” — іншая тэма. Як і тэма асабістага пакаяння, якое, лічу, інакшай,  чымсьці сам-насам, быць не павінна, калі чалавек сам не  ўпэўніцца ў яго, публічнага пакаяння, неабходнасці. Заклікі ж такога кшталту  нічым ад сярэднявечнага цемрашальства не адрозніваюцца.

Я ж заклікаю… Не, нязвыклы для мяне жанр. Проста дзялюся думкамі, якія раз пораз узнікаюць, калі назіраеш за фэйсбучнымі бойкамі, і нават, не вытрымаўшы,  уцягваешся ў іх... 

Спадарыні і спадары! 

Маладыя і не вельмі! 

Не вельмі маладыя і старыя!

Майце павагу адзін да аднаго і да ўсіх разам. 

Майце павагу да магчымасці выказацца публічна.

Майце павагу да магчымасці зразумець адзін аднаго.

 

Гэтае пажаданне нарадзілася з распаўсюджаных у стужцы спробаў сутыкнуць пакаленні на адмаўленні з боку старых маладым мець сваю думку, хай сабе і высмактанную з пальца, і на беспадстаўнай, мяжуючай з хамаватасцю, нейкай пеўневай ганарлівай самаўпэўненасцю, з якой маладыя спяшаюцца ці то закапаць старых з іх звычкамі, думкамі і сардэчнымі хваляваннямі, ці то спаліць у крэматорыі сваёй публіцыстыкі разам з іх гістарычным досведам, ды й увогуле досведам жыцця.

Карацей, я вось пра што. 

Маладыя цалкам пазбаўлены гена канфармізму. Пазайздросцім і павіншуем. Але і паспачуваем. Бо адна справа, калі нонканфармізм валіцца са столі, іншая  калі канфармізм пераадольваецца цяжкай несупыннай працай розуму і душы, часамі самаахвярнай.

Тут вось які парадокс. Нонканфармізм са столі лёгка ператвараецца ў канфармізм. Нонканфармізм як вынік унутранай працы незваротны. Хаця б таму, што яму ўжо няма куды і няма часу вяртацца.

Будзем паважлівымі. Нам усім немагчыма пазбавіцца адзін аднаго. Нават калі адзін аднаго “забанім". 

Бо мы злучаны адной стужкай.

Стужкай жыцця.