Аўтарская калонка

Сяргей Ваганаў: Журналістка

16.09.2020 Аўтарская калонка Сяргея Ваганава 3630

Падзеі і абставіны пазнавальныя.

Пікет журналістаў у Мінску супраць пераследу калег

ЖУРНАЛІСТКА

Яе ўсю ноч трымалі ў пастарунку.
Прапанавалі каву і зефір:
"Частуйцеся, вышэйшага гатунку!
Не тое, што акрэсцінскі чыфір…
Якое глупства ваша галадоўка!
Ці ж вам не трэба набываць вагу?!
Цукерку пакаштуйце, вось, "Кароўка"…
Не хочаце? А вы праз не магу…"

Ёй сапраўды не шкодзіла б паесці.
У вочы поўз вясёлкавы туман.
Падумала: а як жа моўчкі бэсціць
Яе звышклапатлівы капітан!
Падрыхтавана здымачная група.
Люстэркам ззяе зоркі аб'ектыў…
"Ну, з'еш! Ну, з'еш! — малілі зрэнкі тупа. —
З'ясі, хутчэй на волю выйдзеш ты…
Не псуй для тэлебачання карцінку.
БТ, РТ развешаны кручкі.
Не ўсё ж пра гвалт амонаўскі пласцінку
Табе круціць, пра кулі і дручкі…"

Яе ўсю ноч трымалі ў пастарунку.
Карцінку спадзяваліся займець.
Ды толькі хто вышэйшага гатунку,
Ніколі ім ужо не зразумець.

30 жніўня 2020 г.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!