Аўтарская калонка

Сяргей Ваганаў: Атрута

24.03.2020 Аўтарская калонка Сяргея Ваганава 902

Дворнічыху Любу я сустрэў, калі, начапіўшы на твар маску,  панёс на двор  смецце. Вакол кантэйнера мітусіліся вароны і галкі, шукаючы сярод параскіданых ветрам рэшткаў гнілля ратавальную ежу...

— Ну што, Давыдавіч, хочуць нас атруціць?

— Хто хоча?

— Ды ўсе гэтыя... ну, як іх, ну, хто пры ўладзе...

— З чаго вы ўзялі? Навошта ім нас атручваць?

— Ды каб людзей паменела, бо няма чым пенсію плаціць, на ўсіх не хапае...

Любе недзе пад 70, за любую крытычную заўвагу ў бок тых, “хто пры ўладзе", яна гатовая была вочы выдзерці. І раптам... Адкуль у яе  такая ўпэўненасць у злачынных намерах “тых, хто пры ўладзе”? З газет чытае толькі “Советскую Белоруссию”, слухае толькі дзяржаўнае радыё, пра вячэрняе тэлебачанне ўжо і казаць няма чаго. Нагадаўшы ёй пра гэта, і пра тое, што вось і Лукашэнка ўсіх супакойвае, маўляў, нічога страшнага, навала, якая ўвесь свет узбударажыла, пройдзе бокам, я пачуў нешта падобнае на вырак: “Я ім не веру! А вы верыце? Самі вось маску начапілі!..”  “А што вам замінае?", — пацікавіўся я. "Ага, абыйшла наўкол усе аптэкі. Сама чула па тэлевізары, як Лукашэнка казаў, што масак столькі нарабілі, што ў Германію трэба ўжо прадаваць...”

Ну што тут скажаш, пашанцавала нам з жонкай, засталіся дзьве з мінулага лета, калі дрэвы на лецішчы апырсквалі...

...Увечары, праглядаючы фэйсбучную ліхаманку, натрапіў на пост Андрэя Крывашэева, новаспечанага кіраўніка праўладнага Саюза журналістаў.

Прачытайце, каму хочацца адчуць подых 1937 года.

Адразу згадалася ягоная з’едлівая ўсмешка, калі група беларускіх журналістаў з незалежных і дзяржаўных СМІ наведвала ў Рызе былую турму НКУС-КДБ... Нездарма ягоны зварот да дзяржаўных органаў супаў з даручэннем Лукашэнкі кіраўніку КДБ разабрацца з “распаўсюднікамі фэйкаў”. Той яшчэ не паспеў “разабрацца”, а малады выхаванец і абаронца лукашэнкаўскага рэжыму тут як тут. Не, ён не патрабуе фізічна расстрэльваць “распаўсюднікаў” з незалежных СМІ. Але караць, караць, караць... Нібыта ў клопаце з-за нібыта “панічнага” настрою ў грамадстве.

Насамрэч панікуюць “тыя, хто пры ўладзе”. Вельмі панікуюць з таго, што Люба і падобныя на яе, хто цягам чвэрці стагоддзя былі гатовыя выдзерці “за Бацьку” вочы, раптам перасталі яму верыць. Чаму? Складнікаў шмат. З найбольш істотных — інфармацыйная палітыка рэжыму, замкнёная на асобу яго стваральніка.

Палітыка, якая надала дзяржаўным СМІ толькі ролю рэтранслятара рашэнняў, думак, выказванняў, народжаных у адной галаве, ажно да ўяўленняў пра тое, як трэба жыць. Такая вось адзіная “крыніца інфармацыі”, з якой ці то наўпрост, ці праз чынавенства чэрпаюць каламутную вадкасць дзяржаўныя СМІ.

Менавіта яны стварылі грандыёзны, памерам у чвэрць стагоддзя, ФЭЙК.

Адзінае, што ў сапраўдных інтарэсах грамадства могуць і павінны супрацьпаставіць праўладнай прапагандзе незалежныя СМІ, гэта высокая, у спалучэнні з адказнасцю, з іншымі этычнымі патрабаваннямі, прафесійнасць. Зрэшты, без такога спалучэння прафесійнасці не існуе. І тут, паглядзім адзін аднаму ў вочы, ёсць праблемы.

Я вельмі ўважліва прачытаў усе публікацыі пра смерць віцебскай пенсіянеркі ці то ад каранавіруса, ці то ад звычайнага запалення лёгкіх. Канешне, тут аніякага т. зв. фэйку няма. Ёсць, на мой погляд, жаданне як мага хутчэй надаць інфармацыі сенсацыйны і дрэнна прыхаваны выкрывальны характар. Маўляў, чыноўнікі хаваюць праўду пра першую, па сутнасці, смерць ад каранавірусу, значыць, і пра агульнае становішча з эпідэміяй. Мо і хаваюць. Мо і падладжваюцца пад найвышэйшыя меркаванні кіраўніка. Але ці можна выкрываць гэтыя прыкрыя з’явы з дапамогай няўцямных звестак пра абставіны хваробы і смерці, нічым, акрамя тэлефонных размоў, непацверджаных крыніц інфармацыі? Чаму нельга было абмежавацца стрыманай інфармацыяй пра супярэчлівыя паведамленні аб трагічным і — маску на твар! — у Міністэрства аховы здароўя, у Віцебск за сведчаннямі, пацвярджэннямі, дакументамі... Праўдай...

Што, немагчыма? Міністэрства маўчыць? Тэлефон не адказвае?

Чаго ж здзіўляцца, што чынавенства, у дадзеным выпадку з Міністэрства аховы здароўя, не ўспрымае права і абавязак СМІ кантраляваць ад імя грамадства яго дзейнасць?! Ці не ёсць наша прафесійная бездапаможнасць у дачыненні да складаных з’яў жыцця нашым жа ўнёскам — намаганнямі рэжыму — у страту камунікацыі паміж грамадствам і дзяржавай?!

...А Люба, распужаўшы варон і галак, пайшла махаць дзеркачом ля кантэйнера. І адразу ў паветра ўзняўся слупок атрутнага пылу. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!