202 0

Сяргей Шапран: Гэта кніга — плён працы апошніх 15 год

22.01.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст, філолаг, даследчык літаратуры Сяргей Шапран у Гродне ў  “Цэнтры гарадскога жыцця” прадставіў кнігу “Беларускі гістарычны анекдот”, у якой распавядаюцца гісторыі пра больш як 100 вядомых беларусаў.

— Ідэя кнігі ўзнікла яшчэ 15 гадоў таму падчас знаёмства з прафесарам эстэтыкі Юрыем Боравым, аўтарам трохтомнага выдання “ХХ стагоддзе ў анекдотах і паданнях”. Я тады запытаўся ў Юрыя Барысавіча ці ведае ён хоць адзін беларускі гістарычны анекдот? Аказалася, што — не. Мне падалося гэта несправядлівым. Бо ёсць гістарычныя асобы ў беларусаў, ёсць і анекдоты, і анекдатычныя гісторыі, але яны практычна не сабраныя. І я пачаў збіраць гэтыя гісторыі і найперш пайшоў да Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Некляева. Шмат цікавых гісторый кожнага разу распавядаў кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, найперш пра нашага славутага кампазітара Яўгена Глебава, шмат гісторый можна пачуць і ад Адама Мальдзіса. Шмат гісторый "усплывалі" падчас інтерв’ю.

Напрыклад гэты, ужо класічны, анекдот:

“Першы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ўбачыў Святлану Алексіевіч, і сказаў: "Ты такая маленькая і такія кнігі напісала!" На што Свялтана Аляксандраўна парырвала: "Вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі".

Менавіта з першых публікацый ў БДГ і пачалася гэтая кніга.

— Ці лічыце вы стварэнне гэтай кнігі вялікай журналісцкай працай?

— На маю думку, гэта праца на мяжы журналістыкі і літаратуразнаўства. Мяне не надта цікавіць, што гэта за праца, мяне больш за ўсё цікавіць вынік. Вынік — гэта амаль 400 старонкавая кніга, у якой больш за сотня  асобаў. 

Канешне, шмат каго ўжо няма. І я ўдзячны ўсім, хто дапамагаў мне ствараць кнігу, і тым, у каго я гэтыя гісторыі пазычыў у працах Адама Мальдзіса, Уладзіміра Некляева. Рыгора Барадуліна.

Сяргей Шапран паабяцаў гродзенцам, што цягам бліжэйшых некалькі год ён далучыцца да работы на “Анталогіяй беларускага анекдота”, якую плануюць выдаць беларускія літаратары.

Каментары