3109

Сяргей Сацук затрыманы і дапытаны ў ДФР у якасці падазраванага па крымінальнай справе

25.03.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сяргей Сацук, рэдактар анлайн-выдання "Ежедневник", затрыманы сёння супрацоўнікамі  Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

Сяргей Сацук

Затрыманне адбывалася на вачах яго жонкі Жанны, паведамляе NN.BY.

«Мы паехалі ў будаўнічую краму пад Мінскам, у Сціклева. Там не паспелі зайсці ў краму, як падышлі двое. Я падумала спачатку, што гэта нейкія яго знаёмыя, але раптам Сяргея павялі кудысьці ў бок, — распавяла жонка журналіста "Нашай Ніве".

— Я кажу: "Сярожа, ты куды?" Ён адказвае: "Мяне затрымліваюць".

Мужчыны, якія яго затрымалі, паказалі "корачкі" Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Я спытала ў іх, за што Сяргея забіраюць, яны адказалі: вам пасля паведамяць".

Па словах жонкі, апошнім часам Сяргей Сацук не займаўся нейкімі гучнымі тэмамі. Што магло быць прычынай затрымання, яна не ведае.

Ужо пасля сканчэння працоўнага дня ў ДФР на допыт для Сяргея Сацука быў выкліканы дзяжурны адвакат. Імаверна, гэта азначае, што журналіста вырашылі дапытаць у якасці падазраванага.

У 22:00 стала вядома, што Сяргей Сацук сапраўды затрыманы ДФР. Яго дапыталі ў якасці падазраванага па крымінальнай справе ў прысутнасці дзяжурнага адваката. Раніцай у чацвер родныя маюць намер заключыць дамову з новым адвакатам для Сяргея, які прыме ўдзел у далейшых следчых дзеяннях.

«Ежедневник» назваў затрыманьне свайго рэдактара «барацьбой карупцыянэраў з чалавекам, які замахнуўся на іх сыстэму»

Сяргей Сацук вядомы як журналіст, які займаецца расследаваннямі. Апошняе яго гучнае расследаванне было пра пастаўкі ў Беларусь незарэгістраванай на той момант вакцыны "Эўпента".

У жніўні 2019 года Сацук у інтэрв'ю БелаПАН заявіў, што атрымліваў пагрозы з-за сваёй дзейнасці.

"Пасля выхаду першага з двух артыкулаў пра карупцыю, дзе ў тым ліку згадваўся і Мядзведскі, да мяне прыйшоў нечаканы чалавек, не буду пакуль раскрываць яго імя. Ён прама мне сказаў: калі не спынюся, мяне альбо грохнуць, альбо пасадзяць", — распавёў Сацук.

23 сакавіка 2020 года на сайце "Ежедневника" была апублікаваная калонка Сяргея Сацука "Кто сеет панику вокруг коронавируса, президент или сайты и каналы?". У матэрыяле аўтар ставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку па захворваннях у Беларусі на каранавірус.

Сяргей Сацук — сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Раней працаваў рэдактарам аддзела права, здарэнняў і журналісцкіх расследаванняў «Белорусской деловой газеты».

Сяргей Сацук: Абяцалі забіць ці пасадзіць

Каму перашкаджаюць расследаванні журналіста Сяргея Сацука?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!