1039

Сям'ю гродзенскага музыкі і журналіста Алеся Дзянісава выклікалі ў СК

23.06.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі аператар-фрылансер Алесь Дзянісаў разам з жонкай Наталляй і дачкой Дар’яй 22 чэрвеня наведаў упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці. Сям’ю Дзянісавых выклікалі ў СК у якасці сведак па крымінальнай справе “Мажэйкі – Пушкіна”.

Алесь Дзянісаў некалькі гадзін даваў паказанні і цяпер знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні справы.

Нагадаем, што 26 сакавіка 2021 года Пракуратура Гродна ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка прыватнай культурна-асветніцкай установы “Цэнтр гарадскога жыцця” Паўла Мажэйкі і мастака Алеся Пушкіна, а таксама іншых асоб. Іх абвінавачваюць “у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму” паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Рэабілітацыю нацызму на выставе рэалізавалі праз гераізацыю асобы Яўгена Жыхара, заключыла камісія ў складзе Вадзіма Хілюты, дацэнта кафедры крымінальнага права Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (ГрДУ), крымінальнага працэсу і крыміналістыкі, кандыдата юрыдычных навук і Сняжаны Семярнік, дацэнта кафедры філасофіі ГрДУ, кандыдата філасофскіх навук.

Пасля гэтага Эканамічны суд Гродзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць “Цэнтр гарадскога жыцця”. Павел Мажэйка абавязаны выканаць гэтае патрабаванне суда да 12 жніўня.

«Цэнтр гарадскога жыцця» — гэта прыватная адукацыйна-культурная пляцоўка. Тут прайшлі сотні мерапрыемстваў культурніцкай, асветніцкай, адукацыйнай скіраванасці. Пляцоўка стала месцам, якое аб'ядноўвала жыхароў горада, рэгіёна.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!