1200

Сябры Глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ” павіншавалі з юбілеем вядомую грамадскую актывістку Аду Райчонак

11.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

80-гадовы юбілей 10 красавіка адзначыла вядомая грамадская асветніца з Германавічаў Шаркоўшчынскага раёна Ада Райчонак. Гэтую жанчыну ведаюць не толькі ў сваім і суседніх раёнах, але і ва ўсёй Беларусі ды за яе межамі. Нягледзячы на ўзрост, яна з’яўляецца рухавіком грамадскага жыцця.

Ада Райчонак разам з паплечнікамі ладзіць мастацкія пленэры, бардаўскія фэсты, навуковыя канферэнцыі. Менавіта дзякуючы ёй у Германавічах паўстаў культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, яго імя і творчасць былі папулярызаваныя. А ў Мінску з’явіўся помнік “Вечнаму вандроўніку”.

У 2010-м германавіцкая асветніца стала лаўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», якую ўручае «Рух за свабоду». Дзякуючы сваёй дзейнасці і асабістым рысам характару, Ада Райчонак мае шмат сяброў у Беларусі і па-за яе межамі. У дзень юбілею ў яе не сціхаў тэлефон і не зачыняліся дзверы. Грамадская актывістка прымала дзясяткі віншаванняў ад мастакоў, паэтаў і пісьменнікаў, палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, сяброў і аднавяскоўцаў.

Не маглі пакінуць па-за ўвагай гэтую значную дату ў жыцці асветніцы і глыбоцкія журналісты. Ада Райчонак для іх ужо даўно стала добрай сяброўкай. Шмат справаў і розных супольных імпрэзаў было праведзена разам. Найбольш цікавымі і запамінальнымі з іх былі бульбяныя фэсты, канферэнцыі, выданні і прэзентацыі кніг мясцовых паэтаў і краязнаўцаў. Наперадзе яшчэ шмат творчых і крэатыўных планаў. А бліжэйшае мерапрыемства — бардаўскі фэст — мяркуецца правесці ў першую суботу чэрвеня.

Напрыканцы хочацца пажадаць Адзе Эльеўне моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, натхнення і сіл на дальнейшую грамадскую дзейнасць на карысць Беларусі. Верым, што дзякуючы такім людзям, Беларусь жыве.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!