167

Сябры ГА “БАЖ” Магілёўскай вобласці патрабуюць вызваліць арыштаваных журналістаў ЗАЯВА

14.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з Магілёўскай вобласці прынялі заяву з патрабаваннем неадкладна вызваліць з-пад арышту калег-журналістаў, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за ўдзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах” у Магілёве.

Пад адміністрацыйны пераслед патрапілі журналісты, сябры Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”: Алесь Асіпцоў, Аляксандр Буракоў і Міхаіл Аршынскі.

Магілёўскія БАЖаўцы абураныя рэпрэсіямі супраць сваіх калег. Падпісанты заявы перакананыя, што арыштаваныя журналісты абсалютна беспадстаўна абвінавачаныя ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

“Гэтыя сябры нашай арганізацыі выконвалі свае журналісцкія абавязкі, а менавіта — збіралі і распаўсюджвалі інфармацыю пра падзеі, якія мелі месца ў Магілёве 5 – 6 мая і былі звязаныя з прыездам у горад вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.

Згодна з Канстытуцыяй, кожны чалавек мае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі. Дзяржава ж, са свайго боку, гарантуе карыстанне дадзеным правам і стаіць на яго абароне”, — гаворыцца ў заяве.

 

Заява сябраў ГА “БАЖ” Магілёўшчыны з нагоды рэпрэсій ў дачыненні да журналістаў

Мы, сябры ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” (ГА “БАЖ”), якія пражываюць у Магілёўскай вобласці, абураныя дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі і судоў, якія здзейснілі нічым не абгрунтаваны пераслед журналістаў:  Міхаіла Аршынскага, Алеся Асіпцова і Алеся Буракова. Гэтыя сябры нашай арганізацыі выконвалі свае журналісцкія абавязкі, а менавіта — збіралі і распаўсюджвалі інфармацыю пра падзеі, якія мелі месца ў Магілёве 5 – 6 мая, і былі звязаны з прыездам у горад вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.

Згодна з Канстытуцыяй, кожны чалавек мае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі. Дзяржава ж, са свайго боку, гарантуе карыстанне дадзеным правам і стаіць на яго абароне. Аднак, нягледзячы на тое, што дзейнасць Аршынскага, Асіпцова і Буракова была да таго ж і журналісцкай, гэта значыць, імі на месцах падзей праводзілася назіранне за падзеямі, відэаздымка, інтэрв'юіраванне прысутных і каментар таго, што адбываецца для гледачоў, яны, тым не менш, былі затрыманы і арыштаваны, нібыта за тое, што прымалі актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Іх затрыманне адбывалася ганебна і подла, нават не адразу пасля таго, што праваахоўныя органы назвалі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, а на другі і трэці дзень. Хаця Аршынскі, Асіпцоў і Буракоў — законапаслухмяныя грамадзяне і ні ад каго не хаваліся.

У выніку нічым неабгрунтаванага пераследу суды прызначылі Міхаілу Аршынскаму 10 і 11 сутак адміністрацыйнага арышту, а Асіпцову і Буракову — па 10 сутак арышту. Лічым гэта спробай не толькі забараніць журналістам выконваць свае функцыі, але і пазбавіць іх права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі. Мы патрабуем ад улад Рэспублікі Беларусь неадкладна вызваліць Міхаіла Аршынскага, Алеся Асіпцова, Алеся Буракова, папрасіць у іх прабачэння за рэпрэсіўныя дзеянні з боку праваахоўных і судовых органаў, і ніколі больш не пераследаваць журналістаў за іх дзейнасць па асвятленні падзей і працэсаў, якія маюць значэнне для беларускай грамадскасці.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!