1289

Сябра ГА "БАЖ" Павел Левінаў патрапіў у шпіталь пасля затрымання міліцыяй на вулічнай акцыі

27.03.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябра ГА "БАЖ" быў затрыманы 26 сакавіка ў Віцебску. у пастарунку яму стала кепска. Афіцыйны дыягназ — "гіпертанічны крыз".

Паўла Левінава затрымалі 26 сакавіка ў Віцебску, дзе меркавалася адбыцца вулічная акцыя. У Левінава былі: пасведчанне журналіста, пасведчанне Міжнароднай федэрацыі журналістаў, было накіраванне для працы назіральнікам на фірмовым бланку і з пячаткаю БХК (зарэгістраваная арганізацыя).

Павел Левінаў распавёў, што падчас вулічнай акцыі людзям у цывільным была дадзеная каманда здымаць буйным планам удзельнікаў.

Ізалятар часовага ўтрымання адмовіўся позна вечарам прымаць Левінава ў яго фізічным стане, была выкліканая "хуткая дапамога", якая і адправіла Паўла ў шпіталь з дыягназам "гіпертанічны крыз".

Міліцыянты склалі на Левінава два пратаколы за парушэнне арыткула 23.34 КаАП за 25 і 26 сакавіка.

У шпіталі палату, дзе знаходзіўся Левінаў, да раніцы ахоўвалі міліцыянты.

"Я ўжо падаў заяву ў міліцыю і пракуратуру на неправамоцныя дзеянні міліцыянтаў, а таксама напісаў заяву ў пракуратуру за перашкоды ў працы грамадскага аб'яднання, бо я выконваў статутныя функцыі БХК. Таксама буду падаваць заяву на перашкоды ў працы журналіста", — распавёў Левінаў Прэс-службе ГА "БАЖ".

Вядома таксама, што БХК мае намер падаць інфармацыю аб затрыманні прадстаўніка арганізацыі Паўла Левінава спецдакладчыку па абароне праваабаронцаў і ў рабочую групу па адвольных затрыманнях ААН.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!