408

Сябра БАЖ удзельнічаў у моладзевай канферэнцыі “Медыядыялог для дэмакратыі і міру”

28.06.2019 Крыніца: Мікіта Пастухоў для Baj.by

Ва ўкраінскім Луцку адбылася журналісцкая канферэнцыя “Медыядыялог для дэмакратыі і міру” на базе Еўрапейскага Нацыянальнага універсітэта імя Лесі Украінкі, пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.

Праект быў заснаваны ўкраінскімі і нямецкімі журналістамі ў 2015 годзе, у 2016 да яго далучылася Беларусь (нашу краіну прадстаўляе ГА “БАЖ”), у 2017 — Грузія і Арменія.

Гэтым разам у гістарычны цэнтр Валыні з'ехаліся прадстаўнікі Германіі, Беларусі, Грузіі, Арменіі і розных рэгіёнаў Украіны. Моладзь пад кіраўніцтвам трэнераў вучылася здымаць і мантаваць відэа, рабіць вулічныя апытанні, падвышала веды англійскай мовы, удзельнічала ў цікавых экскурсіях і сустрэчах. 

Але ўсё ж галоўнай ідэяй мерапрыемства была пазнаёміць маладых людзей з розных краін і культур, дапамагчы ім наладзіць сяброўскія стасункі. І гэта стоадсоткава атрымалася. Можна было назіраць, як украінцы з традыцыйна рускамоўных (у іх на навагодніх ранішніках персона №1 — Дзед Мароз) і ўкраінамоўных (у іх на Новы год ды Каляды прыходзіць Святы Мікалай) без праблем пераходзяць на мову адзін аднаго. Ці даведацца, што ў Арменіі дзяўчынкі-падлеткі слухаюць "замежную папсу", а хлопцы" расійскі рэп", а студэнтка з Луцка ў захапленні ад беларускага гурта Nizkiz. А пасля ўсё называюць немца грэчаскага паходжання Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным (з-за вонкавага падабенства з паэтам, і нямецкаму госцю гэта мянушка, вядома ж, падабаецца).

Сяброўства паміж маладымі людзьмі — ёсць адзін са шляхоў да міру ва ўсім свеце, бо, як ні круці, будучыня менавіта за маладымі.

А вынік усёй канферэнцыі вельмі дакладна прымеціла адна з удзельніц канферэнцыі з Адэсы ў сваім акаўнце ў Instagram:
“…Это больше, чем просто очередная поездка по учебе. Почему так невероятно грустно отпускать людей, с которыми мы провели всего неделю вместе?

А вообще, было очень интересно узнавать другие культуры и пытаться вникнуть в особенности их менталитета. На проекте собрались кардинально разные люди — холодные немцы, чуть замкнутые грузины, добрые и открытые армяне, один весёлый белорус и много любопытных украинцев. К концу недели сдружились все без исключения…”

P.S. Завяршылася канферэнцыя на Універсітэцкай базе адпачынку "Гарт", што на возеры Свіцязь Шацкага раёна Украіны каля самай беларускай мяжы. У апошні дзень медыяфорума падзякавалі ўдзельнікам за працу арганізатары мерапрыемства Вольфганг Рэссманн (кіраўнік адкрытага тэлеканала "Людвігсгафен, Федэральная Зямля Рэйнланд-Пфальц), Уладзімір Данілюк (старшыня праўлення "Форуму ўкраінскіх журналістаў"), дэкан факультэта філалогіі і журналістыкі Еўрапейскага Нацыянальнага універсітэта імя Лесі Украінкі Юрый Громік, і таксама  першы намеснік старшыні Нацыянальнага саюза журналістаў Ліна Кушч і журналіст Павел Кушч.