677

Сябра БАЖ атрымаў адказ з Мінаблвыканкама наконт палажэння аб акрэдытацыі журналістаў

30.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"нгу Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Юрыст недзяржаўнай газеты “Борисовские новости” Алег Мацкевіч напрыканцы ліпеня накіраваў зварот у Мінскі абласны выканаўчы камітэт з просьбай даць інфармацыю аб наяўнасці палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў сродкаў масавай інфармацыі пры Мінскім абласным выканаўчым камітэце, падначаленых яму службах і структурных падраздзяленнях, падначаленых яму выканаўчых і распарадчых органах базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/accr.jpg

Раней падобны зварот накіроўваў у Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт каардынатар  мясцовай суполкі сябраў ГА “БАЖ” Аляксандр Зянкоў. У адказе на яго намеснік старшыні райвыканкама патлумачыў, што “акрэдытацыя журналістаў у Барысаўскім раёне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі. У выпадках адсутнасці вышэйназванага палажэння журналісты сродкаў масавай інфармацыі ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Палічыўшы, што адказ на зварот застаўся без разгляду па сутнасці, Зянкоў абскардзіў яго ў Мінскі абласны выканкам. У адказе на скаргу выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Баранок паведаміла, што “акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі ў Барысаўскім раённым выканаўчым камітэце павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з артыкулам 35 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года № 427-3 “Аб сродках масавай інфармацыі”, згодна з якім дзяржаўны орган самастойна вызначае парадак акрэдытацыі”.

Такім чынам, атрымаць дакладны адказ на пытанне аб тым, ці існуе палажэнне аб парадку акрэдытацыі журналістаў сродкаў масавай інфармацыі пры Барысаўскім райвыканкаме, не ўдалося.

Адказ на зварот Мацкевіча з Мінскага аблвыканкаму, падпісаны намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольгай Топдэмір, амаль дакладна паўтарае інфармацыю, якую раней атрымаў А. Зянкоў з Барысаўскага райвыканкаму: “Акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце (далей - аблвыканкам) ажыццяўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 35 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года № 427-3 “Аб сродках масавай інфармацыі”, згодна з якім дзяржаўны орган самастойна ўсталёўвае парадак акрэдытацыі. Аблвыканкам і падначаленыя яму службы і структурныя падраздзяленні ажыццяўляюць акрэдытацыю непасрэдна перад правядзеннем мерапрыемстваў, анонс якіх размяшчаецца на сайце аблвыканкама. Раённыя і Жодзінскі гарадскі выканаўчыя камітэты Мінскай вобласці таксама самастойна ўсталёўваюць парадак акрэдытацыі.”

На думку юрыста, атрыманы ім адказ намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольгі Томдэмір утрымлівае інфармацыю аб тым, што “аблвыканкам і падначаленыя яму службы і структурныя падраздзяленні ажыццяўляюць акрэдытацыю непасрэдна перад правядзеннем мерапрыемстваў, анонс якіх размяшчаецца на сайце аблвыканкама”, але ніякім чынам не апісвае парадак самой акрэдытацыі, яе механізм. “Непісаны” парадак акрэдытацыі дае падставы для таго, каб выкарыстоўваць дыскрымінацыйныя падыходы ў адносінах да журналістаў недзяржаўных СМІ, абмяжоўваючы іх права асвятляць дзейнасць дзяржаўных органаў.