2112

Святлана Калінкіна: “Вялікі грэх – казаць, што гэтая справа расследаваная”

09.06.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Святлана Калінкіна: “Мне дагэтуль незразумела, як ішло следства з нагоды знікнення Дзімы. Літаральна перад знікненнем ён цэлы дзень прасядзеў у нас у “Белорусской деловой газете” і, у прыватнасці, у маім кабінеце. Мы пілі каву, балбаталі, я працавала. Але мяне нікуды потым не выклікалі, ніхто не пытаўся, пра што мы размаўлялі. Як ішло следства, калі нават не аднавілі падзеі – дзе ён быў, чым займаўся напярэдадні?

Узгадваючы тую размову, якіх-кольвек намёкаў з боку Дзімы я не памятаю. Але калі нехта рыхтаваў яго знікненне – было б значна прасцей ажыццявіць яго не па дарозе ў аэрапорт, а на рыбалцы, куды ён тады збіраўся ехаць.


Фота nv-online.info

Што могуць зрабіць журналісты? Мне здаецца, можна рабіць толькі адно: пастаянна казаць пра тое, што гэтая справа не расследаваная, што лёс Дзімы невядомы. Нягледзячы на тое, што прайшоў суд, так і не зразумела, што насамрэч адбылося.

Я асабіста гутарыла і з маці Дзмітрыя Маліка, і з бацькам Валерыя Ігнатовіча, якія адбываюць пажыццёвае зняволенне па абвінавачанні ў выкраданні Завадскага. Яны клянуцца, што іх сыны кажуць: яны Завадскага не забівалі.

Нягледзячы на тое, што ўлады фармальна абставілі гэта так, што справа расследаваная, насамрэч гэта такое ж вялікае пытанне, як і са знікненнем палітыкаў.

Я не ведаю, ці можам мы дакапацца да ісціны, але мусім увесь час уздымаць гэтую тэму і казаць, што гэта не па-людску – не сказаць маці, жонцы, дзе магіла, калі Дзіма загінуў. Альбо дзе ён, калі жывы, і хто ва ўсім гэтым вінаваты. Гэта вялікі грэх на цяперашняй уладзе. І яшчэ большы грэх – казаць, што справа расследаваная, што ўсе павінныя супакоіцца і больш не ўздымаць гэтую тэму.

А яшчэ мы можам і мусім падтрымліваць сям’ю Дзімы”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!