1318

Сусветны Індэкс свабоды прэсы-2016: Беларусь па-ранейшаму на 157-м месцы

20.04.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паводле прэс-рэліза "Рэпарцёраў без межаў"

Арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” апублікавала сёння новы Сусветны Індэкс свабоды прэсы. “Расце параноя ў дачыненні да журналістаў, – канстатуюць “Рэпарцёры”. – Агульная дынаміка сведчыць пра паўсюдны страх і ціск, да якіх дадаецца ўсё больш моцны кантроль над рэдакцыямі з боку дзяржаў і прыватных асоб”.

У Індэксе прадстаўлена 180 краін. Верхнія радкі Індэкса займаюць тры краіны Паўночнай Еўропы: Фінляндыя, якая трымае першынства з 2010 года, Галандыя (паднялася на 2 пазіцыі) і Нарвегія (спусцілася на 1 прыступку).

Сярод істотных змен у рэйтынгу – паляпшэнне сітуацыі ў Тунісе (96 месца, +30 пазіцый) дзякуючы зніжэнню колькасці нападаў на журналістаў і судовых працэсаў супраць іх; Україна паднялася на 22 пазіцыі да 107 месца дзякуючы заціханню  канфлікту. “З іншага боку, мы назіраем падзенне ў рэйтынгу Польшчы (47-ая, -29 пазіцый)”, – пішуць “Рэпарцёры”.

У самым канцы Індэкса – Туркменістан (178 пазіцыя), Паўночная Карэя (179 пазіцыя) і Эрытрэя (180 пазіцыя).

Беларусь у Індэксе, як і ў 2015-м, і ў 2014-м гадах, стаіць на 157-й пазіцыі.

“Нязменныя дэспаты Узбекістана (166-ы радок), Казахстана (160-ы), Туркменістана (178-ы), Азербайджана (163-ы) і Беларусі (157-ы) з даўніх часоў аддаюцца свайму любімаму занятку: яны хапаюцца за выдуманыя пагрозы і выхваляюцца наяўнасцю стабільнасці, каб апраўдаць ўласную ўладу”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе “Рэпарцёраў”.

«У спробе аслабіць уплыў Расіі на Беларусь рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе здабыць прыязнасць міжнароднай супольнасці і сцерці імідж "апошняй дыктатуры Еўропы". Але акрамя вызвалення палітвязняў нічога не змянілася. Журналісты-фрылансеры не могуць атрымаць акрэдытацыю і праследуюцца судовай уладай. Міністэрства інфармацыі пашырыла свой кантроль над сеткай распаўсюду друкаваных СМІ і інтэрнэтам, а таксама забараніла праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца для таго, каб абыйсці онлайн-цэнзуру», адзначаецца ў дакладзе «Рэпарцёраў без межаў».

“Сітуацыя ў галіне свабоды прэсы на постсавецкай прасторы ўсё больш катастрафічная, – канстытуе арганізацыя. – Прыблізна дзве траціны краін гэтага рэгіёну размясціліся ў раёне 150-га радка Сусветнага Індэкса свабоды прэсы і нават ніжэй, і гэтыя паказчыкі працягваюць пагаршацца. Паляпшэнне рэйтынгу Расіі, якая ў  гэтым годзе паднялася на 4 радкі (148-е месца) – не падстава для
ілюзій: адначасовае скарачэнне колькасці яе балаў даказвае, што цэнзура і пераслед усіх крытыкаў дзейнай улады дасягнулі тут небывалых маштабаў, якіх Расея не ведала за апошнія тры дзясяткі гадоў”.

“На жаль, заўважная наступная тэндэнцыя: у вельмі многіх лідараў дзяржаў пачалося нешта накшталт параноі супраць законнай працы журналістаў, – заявіў Крыстаф Дэлуар, генеральны сакратар арганізацыі. – Усеагульная атмасфера страху цягне за сабой рост нянавісці да дыскусіі і плюралізму, а таксама адбываецца закручванне гаек у медыясферы ўрадамі, якія прымаюць ўсё больш абмежавальныя законы, і захоп асобнымі асобамі інфармацыі ў камерцыйным сектары. Самае важнае – гэта абарона сапраўднай журналістыкі ад узмацнення прапаганды і інфармацыі, што распаўсюджваецца ў чыіх-кольвек інтарэсах. Для вырашэння лакальных і глабальных праблем чалавецтву неабходна гарантаваць права на незалежную і надзейную інфармацыю».  

Індэкс грунтуецца на выніках анкетавання экспертаў з усяго свету на 20-і мовах. Акрамя якаснага аналізу, праводзіцца аналіз колькасці актаў гвалту ў дачыненні да журналістаў за пэўны перыяд.