286

Супраць Змітра Казакевіча распачынаюць новую справу паводле 22.9 КаАП. Можа, і не адну

13.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Дадому да віцебскага незалежнага журналіста Змітра Казакевіча 12 лютага  прыехалі супрацоўнікі міліцыі з Першамайскага РАУС. 

Паводле слоў Змітра, размова распачалася даволі дзіўна.

— Спачатку мне патэлефанавалі з просьбай спусціцца да пад’езда паразмаўляць. Аказалася, што пад маімі вокнамі стаіць машына з трыма міліцыянтамі. Сказалі, нібыта ў мяне засталіся трое неадбытых сутак арышту, і цяпер мяне забіраюць. Але ж такіх “пазык” у мяне няма, і на руках усе дакументы, якія гэта пацвярджаюць. Мне дазволілі падняцца ў кватэру, каб узяць гэтыя паперы, але потым усё ж такі павезлі ў РАУС — нібыта для праверкі. У райаддзеле сказалі, што ўсё ў парадку, маўляў, быў збой камп’ютарнай праграмы, дзе пазначаныя пакаранні і іх выкананне, — распавёў Зміцер Казакевіч.

Аднак дахаты журналіста адразу не адпусцілі: пачалі складаць адміністрацыйны пратакол паводле арт. 22.9 КаАП за нібыта незаконную журналісцкую дзейнасць.

Як патлумачыў Зміцер Казакевіч, міліцынты скарысталі ў якасці доказаў ягонай вінаватасці пэўную асабістую інфармацыю, якая пацвярджае яго супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”. Інфармацыя захоўвалася ў камп’ютары, што быў адабраны ў журналіста яшчэ ў кастрычніку мінулага года.

Ці гэта будзе адна адміністрацыйная справа, ці некалькі, Зміцер  дакладна не ведае. Суд прызначаны на 18 лютага.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!