481

Супраць магілёўскага журналіста пагражаюць завесці крымінальную справу

12.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Праваахоўнікі пагражаюць распачаць крымінальную справу супраць магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова (малодшага) паводле артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса РБ (Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці).


Аляксандру Буракову інкрымінуюць дзейнасць ад імя пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, бо ён з’яўляецца журналістам магілёўскага праваабарончага сайта mspring.online.

Па словах Буракова, 8 кастрычніка яму патэлефанаваў лейтэнант міліцыі Павел Кот, паведаміў, што праводзіцца праверка і прапанаваў прыйсці на гутарку ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Журналіст адмовіўся ісці ў РАУС, пакуль не будзе дасланая афіцыйная позва, але пагадзіўся сустрэцца з супрацоўнікам міліцыі ў горадзе.

Падчас сустрэчы Павел Кот прапанаваў даць тлумачэнні ў сувязі з правядзеннем праверкі органаў МУС ў дачыненні Буракова па арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па “факце дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ “Вясна””. Журналіст даведаўся, што праверка ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ праводзіцца Кастрычніцкім РУУС г. Магілёва з 8 кастрычніка 2018 г. Супрацоўнікі праваахоўных органаў узялі тлумачэнні ў некалькіх чалавек, з якімі Буракоў сустракаўся ў якасці журналіста mspring.online, і на падставе гэтага нібыта пацвердзілі яго датычнасць да дзейнайсці правабарончага цэнтра “Вясна”.

Лейтэнант Кот склаў пратакол апытання, аднак Аляксандр Буракоў адмовіўся яго падпісваць, бо не лічыць сябе вінаватым у нейкім парушэнні беларускага заканадаўства. Напрыканцы сустрэчы міліцыянт настойліва “параіў” Буракову спыніць сваю дзейнасць і больш не супрацоўнічаць с ПЦ “Вясна”.

Вядомы магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў-старэйшы ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” выказаў свае меркаванне наконт пераследу калегі: 

— Аляксандр Буракоў быў афіцыйна папярэджаны пра пачатак праверкі паводле арт. 193 ч. 1 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Зразумела, што гэта запалохванне. Праверка можа цягнуцца невядома колькі і скончыцца нічым альбо ўзбуджэннем крымінальнай справы. І тут вельмі важны момант: калі справу ўзбудзяць, то будзе абірацца мера стрымання. То бок у любы момант чалавека могуць закрыць у СІЗА. Гэта значыць, што кожную хвіліну чалавек мусіць жыць, нібы яго заўтра пасадзяць. І тут для нас вельмі важна адсочваць гэтую сітуацыю, — выказаў свае меркаванне Аляксандр Буракоў-старэйшы.

Арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу, або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, або пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

Рада ПЦ “Вясна” прыняла адмысловую заяву, у якой выказала рашучы пратэст і патрабаване да ўладаў Рэспублікі Беларусь:

  • Неадкладна спыніць праверку сілавых структураў у дачыненні да сябра ПЦ “Вясна” Алеся Буракова;

  • прыняць захады скіраваныя на адмену забароны на дзейнасць незарэгістраваных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь, а таксама на дэкрыміналізацыю такой дзейнасці і адмену арт. 193.1 КК РБ;

  • стварыць належныя ўмовы для легітымнай дзейнасці праваабарончых арганізацый краіны і ПЦ “Вясна” ў прыватнасці, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязальніцтвамі ў галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятымі Рэспублікай Беларусь.