415 0

Судзяць былога тэхрэдактара "Газеты Слонімскай" за несанкцыяваны доступ да інфармацыі калег

12.02.2018 Крыніца: Мікола Канановіч для baj.by

На чужыя паштовыя скрыні заходзіў… з цікавасці. Ва ўсякім разе так патлумачыў у судзе былы супрацоўнік  “Газеты Слонімскай” Уладзімір Качарга.

9 лютага ў райсудзе ў Слоніме пачаўся працэс па абвінавачванні дырэктара ТАА “Андко Плюс” і в.а. галоўнага рэдактара газеты “РэкламаСіці” Уладзіміра Качаргі ў несанкцыяваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі былых калегаў з рэдакцыі "Газеты Слонімскай" з карыслівых памкненняў, жадання адпомсціць, атрымаць камерцыйную выгаду ды задаволіць сваю цікаўнасць.

Пацярпелымі ў гэтай крымінальнай справе з'яўляюцца супрацоўнікі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Газета Слонімская”, дзе Уладзімір Качарга да лета 2015 года працаваў вядучым тэхнічным рэдактарам і сістэмным адміністратарам, і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства з Гродна "БенефітМедыя", з якім падсудны супрацоўнічаў два месяцы па дамове падраду ў 2016 годзе.

На допыце ў судзе Уладзімір абвінавачванні ў свой адрас прызнаў часткова: прызнаўся, што заходзіў на паштовыя скрыні “Газеты Слонімскай” і "БенефітМедыя" з цікавасці ды каб даведацца, на які тыраж адпраўляюць выдаўцы заяўкі ў Гродзенскую друкарню.

Абвінавачванні ў атрыманні камерцыйнай выгады, карыслівых памкненнях і матывы помствы ў сваіх супрацьпраўных дзеяннях падсудны абвяргаў.

Што ўласна да прызнанай “цікаўнасці”, то для азнаямлення з інфармацыяй Качарга, па яго словах, у 2017 годзе загрузіў на свой ноўтбук пры дапамозе камп’ютарнай праграмы “Паштовы кліент” лісты з паштовай скрыні начальніка рэкламнай службы “Газеты Слонімскай” Ганны Валадашчук за 2016 год. А вось на паштовыя скрыні сваіх былых партнёраў з "БенефітМедыя" Качарга заходзіў без дазволу да сакавіка 2017 года агулам не менш як 188 разоў. Лічба гэтая ўсплыла падчас следства, і падсудны яе не аспрэчвае.

Уладзімір Качарга і Алена Дзятлава за працай у рэдакцыі "ГС"

Таксама дапыталі большасць сведкаў па справе. Дырэктар ПУП "БенефітМедыя" Сяргей Рабіновіч у сваіх паказаннях прызнаўся, што толькі выпадкова западозрыў, а потым і даведаўся, што іх службовую пошту маніторыць няпрошаны госць.

Па яго словах, толькі пасля званка прадпрымальніка-кліента з Іўя, які расказаў, што з ім звязаўся нехта Уладзімір са Слоніма і прапанаваў размясціць рэкламу ў яго газеце, хаця дагэтуль яна яшчэ нідзе не была апублікавана, а толькі рыхтавалася да друку ў іхнім выданні  “Мой раён”, ён западозрыў няладнае і звярнуўся з адпаведнай заявай да праваахоўнікаў. А далей, як кажуць, справа тэхнікі.

Наступнае судовае паседжанне прызначана на сераду, 14 лютага.

Каментары